Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 302

Васіль Быкаў

Як толькі сцямнелася, яны перабеглі ў застаронак, куды ён перанёс і торбу з паклажай. Марыя адразу стулілася пад кажушком на тапчане, а ён падумаў, што трэба пачакаць. Напэўна ж, цяпер да яго прыйдуць — Кіслякоў, Малаковіч ці яшчэ хто, трэба іх сустрэць у двары і перадаць торбу. Ці, можа, завесці на кухню, там пагутарыць пра што-колечы, але без Марыі. Вось настаў час хаваць яе і ад ягоных знаёмых, інакш як ён растлумачыць ім яе тут знаходжанне.

Агееў вынес вынес цяжкаватую торбіну ў хлеў і пакуль што затуліў яе за шулам, прыхінуў нейкаю дошкай. Сам, усё яшчэ не ў стане саўладаць з радасным хваляваннем, прайшоў па двары, пасля, каб не мокнуць на дробным дажджы, стаў пад страху, шчыльней зашпіліў ватоўку. Канечне, цяпер стаяць тут, можа, і не мела сэнсу, да яго маглі завітаць і апоўначы, і пад ранак, але ён проста не меў сілы спакойна чакаць, тым болей з такой перадачай пад бокам. Зноў жа, кожнай гадзіны магла наляцець і паліцыя, той жа Драздзенка, і Агееў павінен быў дбаць, каб яго не засталі знянацку.

Ён прастаяў пад страхой гадзіну ці болей, навокал ужо зусім усё сціхла, замерла; садок, двор і гароды схаваліся ў прытуманенай цемры. Настала ноч. Дожджык то сыпаў, налятаючы з парывамі ветру, то нібы пераставаў. На падворку, аднак, ніхто не з’яўляўся, нікога за ўвесь вечар не чутна было і на вуліцы — ні прахожага, ні фурманкі, ні нават якога сабакі. Хаця Агееў больш слухаў і ўзіраўся ў бок гародаў і рова, хутчэй за ўсё нехта павінен прыйсці адтуль. Але мінаў час, а ніхто ніадкуль не паяўляўся. Мабыць, за поўнач ён ціхенька пратупаў праз хлеў да застаронка. Ён думаў, што Марыя даўно ўжо спіць, а яна, ахінуўшыся кажушком, сіратліва сядзела на сенніку, прыпёршыся плячмі да сцяны.

— Ну што? Прыйшоў хто?

— Спі. Чаму не спіш? Прыйдуць. Можа, пасля.

— Ён прысеў побач, не знімаючы мокрай ватоўкі, і яна ў кажушку падалася да яго.

— Ой, якія ў цябе рукі! Дай я пагрэю. Дай во сюды…

— Сцюдзёныя. Спалохаешся…

— Як лёд! Во я іх пагрэю, — ціхенька сказала яна, уся сціскаючыся ад дотыку ягоных халодных рук і далей засоўваючы іх сабе пад пахі. — А хто да цябе павінен прыйсці, ты ведаеш?

— У тым-та і справа, што не ведаю. Але хтосьці прыйдзе.

— А калі паліцыя?

— Паліцыя ўжо прыходзіла. Болей не прыйдзе, — сказаў ён ціха, без асаблівай, аднак, упэўненасці.

— А калі тыя, твае, не прыйдуць?

— Ну, як не прыйдуць? Мыла ж патрэбна…

«Мыла», вядома, патрэбна, думаў ён, але во Кіслякова няма ўжо другі тыдзень, а Малаковіч не ведае нават, што з ім здарылася. А раптам сапраўды з іх наладжанага ланцужка сувязі выпала нейкае звяно, што тады? Як тады звязацца? І што яму рабіць? Чакаць ці праявіць ініцыятыву самому?

Трохі сагрэўшы каля Марыі свае азяблыя рукі, Агееў усё ж паклаў яе дасыпаць, старанна ўкрыў кажушком, а сам зноў выйшаў у двор. Дажджу цяпер быццам ужо не было, але вецер дзьмуў з большай сілай, стала сцюдзёней, чым увечары. Мокраю слізкай сцяжынай Агееў пайшоў у гарод, спыніўся, паслухаў. У глухім начным цемрыве чуваць былі бязладныя парывы ветру і неспакойны, захлёбісты пошум вязаў, што чорнай сцяной высіліся на ўзроўку. Нікога вакол быццам не было, і ён вярнуўся на двор. Усё ж тут было зацішней, і можна было чакаць далей.