Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 305

Васіль Быкаў

А калі яе схопяць?

Не, рашыў ён, калі пасылаць Марыю, дык трэба ёй усё растлумачыць, ён не мог гуляць з ёю ў хованкі. Усё ж гэта гульня са смерцю, дзе стаўка — жыццё. Той, хто робіць гэтую стаўку, павінен выразна сабе ўяўляць, чым рызыкуе, інакш гэта будзе ашуканствам, подласцю з ягонага боку. Так ён не мог. Усё ж ён чакаў увесь гэты ляніва-світальны ранак, прыслухоўваючыся да глухіх гукаў знадворку — выпадковых галасоў з суседніх двароў, кудахтання курыцы за плотам. З кухоннага акна было відаць, як па вуліцы ў мястэчка пратупала немаладая цётка ў вялікай, напятай на плечы хустцы, яна несла ў абедзьвюх руках чымсьці накладзеныя кашолкі, і ён здагадаўся: відаць, на кірмаш? Здаецца, сёння была нядзеля, каля царквы збіраўся кірмаш, штось прадавалі там, штосьці куплялі. Зрэшты, Агееў там ні разу не быў, чуў толькі, расказвала Марыя.

— А што, калі вось гэтак — у кашолцы?

Ён пашукаў позіркам па кутках кухні, па сценах, зірнуў пад стол. Не, прыдатнай пасудзіны тут не было, бульбу звычайна капалі ў старое бляшанае вядро з дзвюма дзіркамі ў дне… І ён раптам прыпомніў, што на гарышчы за комінам сярод іншага ламачча валялася нейкая кашолка. Тая, мабыць, згадзілася б… Ён таропка ўзлез на гарышча, перш чым пралезці ў лаз, зірнуў пад акно на пасцель, позіркам сустрэўся з Марыяй. Тая не спала, ляжала на баку, захінуўшыся ў стракатую коўдру, і ў яе вачах свяцілася штосьці далёкае адсюль і ад ягоных клопатаў. Але трывогі ў іх нібыта не было, дзяўчына неяк хуценька супакоілася, адышлася ад сваіх нядаўніх яўных і надуманых страхаў. Неспакой цяпер цалкам перайшоў да яго, і Агееву было нялёгка ўтаіць яго ад Марыі.

— Ну што? Няма? — заклапочана спытала ў яго дзяўчына.

— Няма.

— А ты што?.. Ідзі сюды. Прыйдуць — пастукаюць.

— Баюся, не прыйдуць.

Ён адразу згледзеў тую кашолку, што адзінока ляжала на смецці сярод непатрэбнага рыззя і ламачча. Гэта была старая, прадаўгаватая пляцёнка з рысавай саломы, пляскатая, з прадраным дном. Але дно можна было чымсьці закласці, а ручкі былі добрыя — дзве тугія почапкі, мабыць для зручнасці абматаныя чырвоным матузом. Сумка была самы раз — звычайная гаспадарчая рэч, у якой можна было насіць што хочаш: рэчы і прадукты, з кірмаша і на кірмаш. Нядоўга памацаўшы яе, Агееў рашуча страсянуў з яе смецце.

— Во для мыла.

— Правільна! Вось я і аднясу, — рашыла Марыя і падхапілася з-пад коўдры. — Калі, зараз аднесці?

Агееў разгубіўся. Яна проста здіўляла яго гэтай легкадумнай гатоўнасцю, хоць і разам вырашала галоўнае ў ягоным клопаце — нічога ёй не трэба было тлумачыць ці тым болей прасіць. Можа, так будзе і лепей, падумаў ён. Аднак усё марудзіў, бавіў час, адсоўваючы той самы апошні момант, калі перадумаць ужо будзе позна. Доўга цягнуць, аднак, было нельга, трэба было карыстацца ранкам, калі на кірмаш і назад ішлі людзі.

— Марыя, тут такая справа, — нерашуча пачаў ён, апусціўшы кашолку. — Мабыць, ты здагадваешся, што гэта такое?

Яна, падобна, здзівілася — не гэтак ягоным словам, як голасу, якім яны былі сказаны — з пакутным пераадоленнем сябе, няпэўным намёкам на штосьці. — А што? — наіўна запытала яна.