Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 300

Васіль Быкаў

Марыя, моўчкі і ціхенька хліпаючы, патроху спакайнела, паддаючыся яго ласкавым абдымкам, усё цясней прыпадаючы да яго, нібы аддаючы яму свой боль і набіраючыся ягонай рашучасці. І ён сабраў у сабе ўсю рэшту тае рашучасці, слабой упэўненасці ў шчаслівым зыходзе іх задоўжаных выпрабаванняў, каб толькі пабольшыць яе сілы. Сам ён гатовы быў да ўсяго. Але з ёю ўсё рабілася болей складаным, заблытаным, і ён яўна адчуваў, што павінен патроіць свае сілы і сваю вытрымку.

Выдаўся слотны, сцюдзёны дзень, зранку церусіў дробны дожджык — нудна шапацеў па набрынялым вільгаццю даху. Марыя драмала — ціхенька ляжала пад кажушком на гарышчы. Агееў сядзеў побач на ражку коўдры і пры святле з дахавага акна гартаў зжаўцелыя старонкі «Нивы», кіпу якой прынёс з куфра. У кожным нумары гэтага густа ілюстраванага часопіса была вайна — даўняя вайна 1916 года, фатаграфіі яе ахвяр і яе герояў, генералаў і царскіх саноўнікаў, апавяданні пра вайну, вершы, агляды ваенных падзей, падрабязныя малюнкі акадэміка Самокіша — коні, казакі з пікамі, кавалерыйскія атакі на разгубленых, у паніцы немцаў, што шалёна ўцякалі, губляючы дзіўныя вастраверхія каскі. Агееў, аднак, шукаў іншае — шукаў што-небудзь пра здраднікаў, пра тагачасных прадажнікаў тыпу цяперашніх паліцаяў, перабежчыкаў, такіх, як Драздзенка. Тады ж таксама ў гэтых самых мясцінах праходзіла лінія фронту, ішлі баі, палавіна Беларусі была пад немцамі — мабыць жа, былі і тады нямецкія прыслужнікі, пра якіх напісала б ці хоць бы памянула «Нива». Але «Нива» пра тое маўчала, нібы іх не было зусім.

А можа, і сапраўды не было?

Але чаму тады іх развялося столькі ў гэтую вайну, чыя ў тым віна ці якая ў тым прычына? У саміх гэтых людзях ці, можа, у немцах-фашыстах з іх лютай палітыкай татальнага запалохвання ці татальнага знішчэння? Ці таго і другога разам?

Пачало змяркацца. Агееў усё ніжэй схіляўся над старонкамі часопіса, ледзьве чытаючы шрыфт тэксту і асабліва дробныя радкі подпісаў, калі яго слых злавіў ціхі, перарывісты стук унізе, які змусіў яго трывожна напяцца. Побач трывожна падхапілася Марыя, спалохана акругліла вочы. Стук выразна паўтарыўся ў цішы пустой хаты, і ўжо не было сумнення, што стукалі ў акно на кухні. Марыя, як заўжды, нячутна шмыганула ў цёмны паддошак за куфрам, а ён таропка спусціўся ў кладоўку, старанна прычыніў за сабой дзверы. За светлаватымі шыбінамі кухоннага акна цямнелася нейчая постаць. Агееў угледзеўся — не, то была не Бараноўская і не хто-небудзь знаёмы. Тады ён ступіў да дзвярэй і выняў з прабоя крук.

Па той бок парога зважліва стаяў немалады ўжо чалавек з густым шчаціннем на шчоках, у мокрым картузе і мокрым, у плямах брызентавым плашчы, з якога сцякалі долу кроплі дажджу. У апушчанай руцэ чалавек трымаў да палавіны накладзеную чымсьці торбу.

— Вам каго? — цераз парог запытаўся Агееў.

— Я ад Волкава, — ціха сказаў мужчына і змоўк, чакаючы адказу.

Унутры ў Агеева штосьці радасна страпянулася, ён шырэй адчыніў дзверы і ўпусціў чалавека на кухню.