Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 299

Васіль Быкаў

— Ды ўжо які там камандзір, — сціпла заўважыў Агееў. — Цяпер акружэнец.

Драздзенка моўчкі з хвіліну ўзіраўся ў ягоны твар, нібы хацеў штосьці ўбачыць на ім.

— Ты мне глядзі! Я цябе магу і сілай. У парадку мабілізацыі. Але мне сілай не трэба. Ты ж не дзеўка. Мне каб дабраахвотна. Каб работа была. А ты ж мужык дзелавы. І з галавой. Ты павінен разумець, што можна спазніцца. Вайна ж канчаецца…

— Няўжо канчаецца? — холадна перапытаў Агееў.

— Усё! Асталося нямнога, немцы акружаюць Маскву, хутка прыдушаць. Глядзі, спознішся.

— А я нікуды і не спяшаюся.

— І дарма. Як бы не давялося трымаць адказ перад немцамі пасля перамогі: чым займаўся? Калі што — па галаве яны не пагладзяць. Яны наогул па галаве не гладзяць. Строгая нацыя!

— Гэта я ведаю.

— Во і добра, што ведаеш. Дык падумай. Болей я гаварыць не буду. Сам прыйдзеш. Паняў?

— Што не паняць, — сказаў Агееў.

Драздзенка рэзка адхіснуўся ад стала, кінуў пад ногі недакурак і павярнуўся да Агеева ўсім тулавам.

— Ну во! А цяпер твая галоўная задача — Бараноўская. Як толькі паявіцца, стукні. Зараз жа. Удзень ці ўначы. Упусціш — пяняй на сябе. Ёю СД цікавіцца. Тут ужо я цябе не прыкрыю.

— І чым яна так зацікавіла СД? — не стрываў Агееў.

— А гэтага не ведаю. Чымсьці насаліла, значыць. Паліцыя тут ні пры чым.

— Што ж, панятна, — сказаў Агееў, падумаўшы, што таго ўжо ад яго не дачакаюцца. Але як бы не празяваць, папярэдзіць гаспадыню адразу, як толькі тая вернецца дадому.

Як і мінулыя разы, Драздзенка, не развітаўшыся і раптам спыніўшы размову, сігануў да дзвярэй і выскачыў на двор. Агееў з палёгкай праводзіў яго да вуліцы, і трое паліцаяў, не азіраючыся, пакрочылі ў мястэчка. Трохі пастаяўшы ля дзвярэй і пераканаўшыся, што небяспека мінулася, Агееў пайшоў у кладоўку. Марыя чакала яго на гарышчы, забіўшыся за куфар з кніжкамі, і, як толькі ён ускарабкаўся па драбіне, падхапілася насустрач. Ён расчулена абняў дзяўчыну за плечы.

— Ну што ты! Не бойся. Я ж цябе не пакіну…

— Я ўсё чула, — сказала яна, дрыготка скаланаючыся ў ягоных абдымках, і запыталася: — У цябе зброя ёсць?

— Зброя? Якая зброя?

— Ну рэвальвер, ці вінтоўка, ці яшчэ што-небудзь…

— Нашто табе?

— Ты не знаеш нашто? — яна зірнула на яго з дакорам, вачмі, поўнымі слёз.

— Не, не, — сказаў ён таропка. — Да гэтага не дойдзе. Думаю, што не дойдзе. Нам галоўнае — каб перабіцца… А там…

— А што там?

— А там… Перамога будзе за намі! — сказаў ён, натужна ўсміхаючыся.

— Ой, баюся, не будзе, Алежка! Баюся, не будзе за намі. За кімсьці, можа, і будзе, але не за намі. Як бы нам хутка не прыйшлося легчы ў сырую зямельку…

— Ну што ты! Ну што ты!.. Нашто так страшна? Ты супакойся… Яшчэ ж нічога не здарылася.

Па мяккай засыпцы гарышча ён прывёў яе да ўлежанай пасцелі, пасадзіў на ватную коўдру. Сам апусціўся побач і абняў яе дрыготкія худыя плечы.

— Ну, нічога, нічога. Пакуль што мы жывыя і разам — гэта галоўнае. Яшчэ мы пазмагаемся з імі. Яшчэ паваюем…