Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 298

Васіль Быкаў

Імкнучыся трымаць сябе як мага спакайней, Агееў прайшоў за ім на кухню, трохі з празмернай гасціннасцю саўгануў крэсла каля стала — каб хутчэй пасадзіць і адцягнуць яго позірк ад дзвярэй у кладоўку. Аднак, перш чым сесці, Драздзенка бегла азірнуў пліту, посуд на стале, паглядзеў у акно.

— Курыш, не?

— Не, не куру.

— А я куру. Раней курыў «Беламор», а цяпер вось гэтую дрэнь, — сказаў ён, сядаючы на крэсла і дастаючы партсігар і нямецкімі цыгарэткамі. — «Беламору» няма.

— Гэта дрэнна, — чужым голасам фальшыва паспачуваў Агееў. Драздзенка грэбліва хмыкнуў.

— Калі б толькі гэта і было дрэнна! А то ўсё дрэнь! Беспарадкі, грабяжы! А на чыгунцы што робіцца!

— А што робіцца? — прастадушна пацікавіўся Агееў.

— Рухомы састаў ірвуць! Немцы ўжо трох начальнікаў станцыі расстралялі — не памагае. Думаеш, на тым яны абмяжуюцца? Яны нічым не абмяжуюцца, пакуль будуць дыверсіі. І ні перад чым не спыняцца. Сёння расстралялі сто, заўтра расстраляюць дзвесце. Пакуль не спыняцца безабразія. А не спыняюцца. Тым, мабыць, сваіх не шкада. Нікога не шкада…

«Во як! — падумаў Агееў. — Аказваецца, вінаваты тыя. Не немцы, якія расстрэльваюць, а тыя, што недзе далёка адсюль».

— А куды глядзіць паліцыя?

— Драздзенка рэзка крутнуўся — усім сваім мажным целам на слабенькім хісткім крэсле.

— Паліцыя разрываецца! Але паліцыі мала. Мы не можам усё ўпільнаваць. Нам патрэбны памочнікі, людзі з мястэчка, са станцыі, з вёсак. Але тыя запалоханы бальшавікамі і не хочуць дапамагаць. І каму ад таго горш? Насельніцтву перш за ўсё. Ну, насыплюць пяску ў буксы, развінцяць рэйкавы стык — хіба гэта ўшчэрб для Германіі? Ды ў іх гэтых вагонаў з усёй Эўропы. А вось той вёсцы, дзе крушэнне, капец! Спаляць і пастраляюць. Учці — нявінных людзей. І ніхто іх не абароніць. У мяне на ўсё сілы не хопіць.

Агееў маўчаў. Такі паварот у размове быў для яго нечаканым. Ён лічыў паліцыю карным органам акупантаў, а яна, як кажа гэты начальнік, гатова абараняць нявінных людзей, берагчы іх ад дыверсій і непазбежных затым рэпрэсій.

Скрыпнуўшы крэслам, Драздзенка ўскочыў, з цыгарэтай у зубах жвава падбег да акна, паглядзеў на двор, відаць, шукаючы позіркам сваіх паліцаяў. Але паліцаі стаялі каля дзвярэй, і начальнік вярнуўся да стала, грузна абапёрся на яго рукамі.

— Слухай, уступай у паліцыю, хопіць табе сачкаваць. У такі час трэба не толькі пра сябе думаць. Падумай пра людзей. Трэба наводзіць парадак, а то немцы ўсіх панішчаць. Вунь як яўрэяў. Але яўрэі — чорт з імі, а сваіх шкада. Хто за іх заступіцца? Чырвоная Армія кінула — жывіце, як хочаце. Адзіная свая сіла — паліцыя. Але паліцыі патрэбны парадак. Пры ўмове парадку паліцыя яшчэ што-колечы можа. Для сваіх, вядома. Дык як? Згодны?

Агееў на момант збянтэжыўся. Ён не быў гатовы да такой размовы і толькі прамармытаў разгублена:

— Нага, ведаеце… Баліць яшчэ.

— Нагу далечыш у нас. У нас і доктар ёсць. Лякарствы таксама. Пакажаш сябе — папрашу немцаў, зробяць намеснікам. Мне намеснік патрэбны, талковы мужык. А то вунь гэтыя, — кіўнуў ён на акно, — як калуны. Тупыя і лянівыя. А ты ўсё ж сярэдні камандзір.