Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 297

Васіль Быкаў

Калі Марыя ненадоўга сціхла, прыслухоўваючыся да невыразных гукаў унізе, ён падхапіўся і ўстаў.

— Ты пасядзі. Я спушчуся, зірну.

Трэба было паглядзець, хоць бы дзеля перастрахоўкі, для ўпэўненасці, што ў двары ўсё ціха і няма ніякіх падстаў для трывогі, а таксама ў выпадку, калі да яго хто прыйшоў ад патрэбных людзей. Па крутой драбіне ён спусціўся ў цёмную кладоўку, выйшаў на кухню. Пасярод стала прыкрыты чыстай анучкай бялеў састаўлены Марыяй посуд — талерка, лыжка і кубак, строга на аднаго чалавека, нішто тут не павінна было навесці на думку, што ў доме яшчэ хто-небудзь жыве, за гэтым ён сачыў строга. Можа, усё было занадта старанна прыбрана, ён бы так прыбіраць не стаў, але гэта ўжо Марыя. Трохі кульгаючы, Агееў выйшаў на двор, пашукаў позіркам Гультая, ды ката паблізу нідзе не было, напэўна, згаладнеўшы дома, пайшоў кудысьці на промысел. Туман патроху радзеў, сплываў за гароды, у роў, росным дываном асядаючы на дробнай траве, брукаваным доле, на гонтавым даху дома і саламяных стрэхах хлявоў. Усё навокал набрыняла гэтым туманам, яго стылай вільгаццю; было сцюдзёна, і, можа, упершыню Агееў адчуў подых блізкае восені, хуткае сцюжы і непагадзі.

Ён хацеў ужо быў вярнуцца на гарышча, як рашыў для пэўнасці зазірнуць з падворка на вуліцу, адтуль звычайна насоўвалася небяспека. І, зірнуўшы з-за вугла, мімаволі адхіснуўся — з веснічак другога ці трэцяга адсюль дома выходзіла група мужчын — тры чалавекі, іх, відаць, праводзіў гаспадар, барадаты чалавек у картузе; пярэдні, адвярнуўшыся, нешта строга выгаворваў яму, і ў гэтым пярэднім Агееў лёгка пазнаў начальніка паліцыі Драздзенку. Затаіўшыся за вуглом, ён пачакаў, услухоўваючыся і стараючыся вызначыць, куды павернуць паліцаі — па вуліцы ў мястэчка ці… Але, канечне, тры паліцэйскія хуткім крокам паўз агароджу скіравалі да сядзібы Бараноўскай, і Агееў, вылаяўшыся ў думках, выйшаў на сярэдзіну падворка.

— Здарова, сапожнік! — бадзёра і нібы нават па-свойску павітаўся Драздзенка, павяртаючы ў двор. — Ну, аброс, як дзед. Брытвы няма, ці што?

— Ды так, ведаеце… Лень галіцца, — прабурчэў Агееў.

Начальнік паліцыі быў усё ў тым жа танкісцкім фрэнчы, падперазаным шырокім камандзірскім рамянём з латуннай, без зоркі, спражкай, у шызай нямецкай пілотцы. У руках у яго замест заўсёднага дубчыка была прыгожая, аздобленая разьбой палачка, якой ён лёганька памахваў у паветры.

— Бараноўская прыбыла?

Спыніўшыся насупраць Агеева, ён настырчыў у яго выпрабавальны позірк, і Агееў заклапочана выдыхнуў.

— Не, не прыбыла. Не ведаю, што і думаць.

— Ах, сцерва! — з горыччу вылаяўся начальнік паліцыі. — Дрэнь гульню з намі зацеяла. Але дагуляецца пападдзя! Ужо я ёй прыпомню!.. Як нага? — раптам без усялякага пераходу запытаўся ён і зноў застыў, поўны ўвагі.

— Гоіцца, — не адразу сказаў Агееў. — Але марудна. Лякарства, ведаеце, ніякага. Нават перавязаць няма чым.

— Не прыбядняйся! Вунь без палкі бегаеш, у арміі даўно б на перадавую выпхнулі. Ану, зойдзем у хату, — раптам прапанаваў Драздзенка і рвануў дзверы на кухню. — Вы пастойце! — азірнуўся ён на двух паліцаяў з белымі павязкамі на рукавах, і тыя знялі з плячэй вінтоўкі.