Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 296

Васіль Быкаў

Праспявала яна ціхенька, амаль шэптам, гаротна і меладычна.

— І яшчэ памятаю… Хочаш паслухаць?

— Не, ведаеш, усё ж чутна, мабыць. А наогул добра ты гэта — па-беларуску.

— Ага, за лета так прывыкну да беларускай мовы, што, калі вярнуся ў Мінск, доўга яшчэ не магу перайсці на рускую. Мама здзіўляецца, нават сварыцца на мяне і бацьку. А я тады знарок. Мне — пажалуста, а я — калі ласка. Мне — да свідання, а я — да пабачэння. Мне — плацце, а я — сукенка. А што? Хіба горш? Такая ж славянская мова, як руская ці ўкраінская, — не лепшая і не горшая — раўназначная.

— Гэта ты малайчына, — сказаў Агееў. — А мне, ведаеш, дзеравенцу, у арміі давялося… памучыцца. Пакуль адвык ад сваёй, рускай авалодаў. І пасля яшчэ дражнілі «трапка, братка».

— Ну, у арміі, там, можа, і трэба, каб усё па-руску. А ў Мінску чаго мне саромецца? У сваёй рэспубліцы. Але ў горадзе таго не разумеюць, затое ў вёсцы было раздолле. Так любіла, як бабы спяваюць. Во як увечары з поля ідуць — чутно і тут, і там, за гарою і пад лесам, песні працяжныя такія, прыгожыя, ды так слаўненька цягнуць на два галасы.

Агееў слухаў і трохі здзіўляўся ў душы — усё тое было для яго новым і нязвыклым нават. Васемнаццаць гадоў свайго жыцця ён правёў у вёсцы ў той самай стыхіі, пра якую з такім захапленнем апавядала Марыя, але ў яго не было і ў думках захапляцца тагачасным жыццём, ён проста яго не заўважаў, як не заўважаюць паветра, якім дыхаюць. Ну, спявалі, ну, размаўлялі па-беларуску, ці, як казалі ў іх, па-тутэйшаму; але хіба ў тым была якая культура? Культура здавалася тады ў горадзе, дзе тэатры, кіно, дзе спяваюць расфранчаныя актрысы і розныя вучоныя людзі размаўляюць чыста па-гарадскому, а то і на замежных мовах. У арміі ж яму каштавала клопату пазбыцца звыклага акцэнту ў вымаўленні, якое адразу выдавала ў ім беларуса і часам рабілася прадметам насмешак сяброў. А яна — глядзі ты! Гараджанка, а з такой цікавасцю і нават захапленнем да ўсяго, такога для яго звычайнага, вясковага.

Ласкава абняўшы Марыю, Агееў слухаў яе ціхенькі, журботны голас, пранікаючыся яе настальгічным пачуццём да нядаўна перажытага, а ў свядомасці яго гучалі яе словы, сказаныя без усялякай сувязі з успамінамі. Гэта ж трэба, дажыў да чаго, думаў Агееў, ён будзе бацькам — аднак выбраў жа час! А як ёй у такі час стаць маці? Гэта чорт ведае што, як яно ўсё ўскладняла, заблытвала, пагражала новымі бедамі. Але што рабіць? Калі так, дык, напэўна, нічога ўжо не зробіш, застаецца адно — чакаць.

Чаго дачакаешся толькі?

Ён і так чакаў увесь час у мястэчку, чакаў рознага. Спярша — калі загоіцца рана, калі вернецца яго Бараноўская, чакаў прыходу Кіслякова ці каго-небудзь ад Волкава, са страхам і непрыязню чакаў паяўлення Кавешкі або Драздзенкі, налёту паліцыі, выкрыцця, арышту. Увесь яго час тут мінуў у трывожным чаканні — лепшага або горшага. Але ўсё ў гэтай сядзібе нібы стаілася, сціхла, ішоў час, а ў ягоным становішчы нішто не мянялася. Можа, накоплівалася, ці што? А пасля як бы не выбухнула бядой, няшчасцем — цяпер ужо для дваіх, вось што горш за ўсё. Зрэшты, мабыць, ужо і для траіх…