Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 295

Васіль Быкаў

— А як вы там жылі, у экспедыцыі?

— О, там быў рай! Дзе-небудзь у лясной вёсачцы, кватэра ў якой-небудзь цёткі Лушы або цёткі Альбіны, а ў той карова з цялушкай, конь, сабака, авечак з ягняткамі штук восем, парасяты, піскаляты. Страх як цікава было! Пасябрую, бывала, з рабятамі, на начлег ездзім, коней пасвім. У рэчцы купаемся, ракаў ловім, ну, і рыбу, вядома. А кветак колькі ў полі, на лузе. А лес! Якія лясы там — ягад, грыбоў процьма. Не, я і цяпер не магу спакойна прыпамінаць усё тое. Я ж і сюды во да стрыечнай сястры прыехала — па ягады хадзіць. Так ягады люблю збіраць… І вось пазбірала…

Марыя змоўкла і трошкі ўсхліпнула — ціхенька і адзін толькі раз. Агееў далікатна правёў рукой па яе плячы, яна праглынула слёзы і хутка супакоілася, усміхнулася яму з ціхай самотнай радасцю.

— Ну ўсё, нічога… І вось, разумееш, апроч таго, бацька мяне далучыў да сваёй стыхіі — збору народнай мудрасці, розных там фразеалагізмаў, прымавак. І песень. Жніўныя, калядныя, вясельныя, абрадавыя і яшчэ бог ведае якія. Ён ведаў. Ну, і я старалася, нават некалькі песень сама запісала ад цётак і бабак на Любаншчыне. Вось, напрыклад, паслухай:

Мая матуля забедавала: Дзе мая дочка заначавала? Заначавала ў цёмным бору Пад каліною, Пад каліною, Белыя ручкі пад галавою.