Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 291

Васіль Быкаў

Ну што ж, што будзе, тое будзе. Галоўнае — не мітусіцца, не вукручвацца, думаў Агееў, застацца чалавекам, якім ён быў дваццаць шэсць пражытых гадоў. Тыя чатыры гады, што ён праслужыў у арміі, ён імкнуўся быць спраўным камандзірам і, мабыць, такім быў. Па крайняй меры, у яго асабовай справе, якая некалі была ў страявой часці палка, значылася восем падзяк і ніводнага спагнання, хаця сутычкі з начальствам не былі для яго рэдкасцю, здараліся і заслужаныя ім наганяі. Але, апроч службовых адносін з начальствам, былі яшчэ рознага роду адносіны з роўнымі сабе, сярэднімі камандзірамі, сябрамі, былі, нарэшце, адносіны з падначаленымі сяржантамі і чырвонаармейцамі. І для Агеева, можа, даражэй за думку начальства была дзе-небудзь бегла прамоўленая фраза: «А ён быццам някепскі мужык, гэты наш начбой!» Да іншых водгукаў пра сябе ён не прывык за жыццё, і тое, што цяпер закручвалася вакол яго ў гэтым мястэчку, проста кідала яго ў роспач.

Растрывожаны і апанураны, ён пайшоў на кухню і толькі ў цемры зашчапіў дзверы, як трапіў у абдымкі цёплых дзявочых рук. Марыя падвяла яго да стала і зашаптала, падсоўваючы крэсла:

— Ну, зараз я цябе накармлю… Зараз, зараз…

Перш чым ён што-небудзь паспеў зразумець, яна сунула яму ў рукі вялізную скібіну хлеба, ад якой апетытна запахла кменам, у другую — вялікую кварту з малаком.

— Еш! Ну? Смачна?

Сапраўды, гэта было надта смачна, здавалася, ніколі не еў ён такога смачнага хлеба і такога малака, ён знемагаў у асалодзе, моўчкі праглынуў усё, запіў рэштаю малака.

— Ну, пад’еў? Хочаш яшчэ?

Агееў больш не хацеў — ён ужо зразумеў, што яна выбягала кудысь, можа, да сястры ці суседзяў, і яму зрабілася страшна. Марыя была тут адзінаю яго ўцехай і, напэўна, адзінай апорай, на якую можна было спадзявацца. Небяспека страціць яе азвалася ў ім спалохам, якога ён не ведаў нават перад пагрозай уласнай пагібелі.

— Дзякуй! — сказаў ён, цалуючы ў цемры мяккія яе далонькі. — Але я цябе папрашу: не хадзі болей нікуды! Не трэба! Як-небудзь. Пойдзем разам…

— Куды? — з наіўнай паспешнасцю запытала яна, быццам гатовая зараз жа бегчы разам з ім.

— Куды? Пойдзем куды-небудзь. Настане час — і пойдзем.

— Настане час! Я веру, што настане часю павінен настаць. І скончыцца гэтая ноч. І ніхто не будзе нам пагражаць. Ой, як я хачу дажыць да таго часу… Мілы, Алежка мой!..

Яна апусцілася долу каля яго калень, абедзьвюма рукамі абняла іх, і яны лашчыліся так, ледзьве стрымліваючыся, каб не плакаць. І ён моўчкі выціраў яе мокрыя шчокі, напружана думаючы, як уратаваць яе і сябе ад бязлітаснай калясніцы знішчэння. Можа быць, менавіта ў той вечар ён адчуў тое, што раней неяк не даходзіла да яго свядомасці — што ён кахае яе, — насуперак сваім намерам, насуперак вайне і нават здароваму сэнсу. Напэўна, яму трэба было сказаць ёй пра тое, але хіба і без слоў не было зразумела ўсё…

Надвор’е рэзка павярнула на восень, зачасцілі нудныя слотныя дажджы, а калі яны пераставалі, асабліва ўранні, напаўзалі туманы, у якіх патаналі дамы, гароды, платы і дрэвы. Аднаго разу, устаўшы на світанні, Агееў не пазнаў двара — усё, што было перад варотамі, знікла ў стылай шэра-малочнай навалачы. Сядзіба сціхла, неяк дзіўна, затоена, вуліца нібы вымерла, змоўкла і ўсё мястэчка.