Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 293

Васіль Быкаў

— Што — да твару?

— Пытаешся! І кашуля гэтая дужа табе да твару. Вышытая! Ну, проста былінны герой! Ілья Мурамец!..

— Які Мурамец! Можа Салавей-разбойнік…

— Не, не… Ты такі… Праўда! Адразу відаць — камандзір.

— Во гэта і кепска, што адразу відаць.

— Ну і нічога, ну і нічога… Ну і добра! — горача пераконвала яна, цалуючы яго ў бараду, у шчокі, у вусны…

У такія хвіліны ён чуўся расслабленым, размораным, але амаль шчаслівым, калі б тролькі не яго турботныя думкі, якія не пакідалі яго ні на імгненне, і ён усё думаў і думаў бясконца — лежачы з ёю пад кажушком, седзячы побач на коўдры, калі яна спала, на адзіноце ў двары, слухаючы гукі з вуліцы, імкнучыся заўважыць сярод іх тыя, што былі яму так патрэбны. Гаротная думка тачыла ягоную душу ўдзень і ўначы — дабром гэта не скончыцца! Не можа гэта скончыцца дабра ў такі бязлітасны час, на краі прадоння, за два крокі ад паліцыі, немцаў, СД. Будзе бяда! Але ён нічога не мог зрабіць з сабой і сваім непаслухмяным пачуццём, нібы ведаючы, што іншага часу для іх не будзе — што такое не паўторыцца болей. Сапраўды, цудоўнае не доўжыцца і не здараецца часта, яно — шчаслівая рэдкасць, што выпадае чалавеку як узнагарода. Вось іх узнагародзіў лёс — добры жартаўнік ці крывадушны д’ябал, як бы ён хутка не паздзекаваўся з іх.

Яны стараліся не марыць пра будучае, не меркаваць нават, што чакае іх заўтра, а то і сёння, увечары, ноччу. Яны жылі кожным імгненнем зараз, бо толькі гэтае імгненне належала ім. Заўтра магло для іх не наступіць ніколі, учора было даўно і таксама належала не ім, хаця яны і ўспаміналі пра яго. Абуткам Агееў больш не займаўся, мястэчка, падобна, ігнаравала яго няпэўнае шавецкае майстэрства, і ён, некалькі разоў нядоўга пастаяўшы ў альтанцы, болей там не паказваўся. Харчаваліся бульбай. Апошнім часам налаўчыліся пячы яе ў прыску — печаная бульба здавалася смачнейшай, а галоўнае, была больш сытная, чым звараная. Неяк Марыя напарыла буракоў з градкі, і яны елі іх два дні — спярша гарачыя, а пасля астылыя. Удзень звычайна сядзелі на гарышчы пад дахавым акенцам, даючы волю неспатольным абдымкам і пацалункам. Размаўлялі шэптам ці напаўголасу. Зрэшты, ён болей маўчаў, Марыя ж здольная была шчабятаць, не перастаючы, і ён зрэдзьчасу перапыняў яе: «Ціха!» Рана ў Агеева амаль загаілася, толькі з ніжняга канца разрэзу сачылася брудная сукровіца, павязка трохі макрэла. Ён даўно ўжо ўпэўнена ступаў на левую нагу, хаця, калі спяшаўся, трохі кульгаў, што было прыкметна, і ён стараўся ісці цішэй; часам браў кій.