Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 290

Васіль Быкаў

— Да-а-а… Што ж, кепскія справы, — няпэўна сказаў Малаковіч. — А выкруціцца нельга?

— Я, канечне, супрацоўнічаць з імі не стану, але зразумей і маё становішча: прама адмовіцца я не магу. Яны ж мяне адразу возьмуць, — хвалюючыся, сказаў Агееў.

— Гэта канечне.

— Таму мне тут болей нельга. Трэба ў лес.

— Мабыць, так, — вяла пагадзіўся Малаковіч. Ён не пярэчыў і не спрачаўся, ён быццам разумеў Агеева, але па тым, як ён адразу абвяў у размове, Агееў зразумеў, што гэтая іх сустрэча не палепшыць яго становішча. Як бы не пагоршыла.

— Пры выпадку ты там скажы каму… Каб перадалі Волкаву. Бо я тут — кругом на падазрэнні.

— Але ж і там патрэбны… давер. З падазрэннем як жа ў атрад?

— Гэта правільна, — памаўчаўшы, сказаў Агееў, устаў і зноў сеў на тапчан.

Вось пра гэта ён не падумаў. Яму здавалася: толькі б вырвацца адсюль у лес, у партызанскі атрад, дзе вакол будуць свае, і ён вызваліцца ад гнятлівай няпэўнасці, ад зняважлівай падазронасці з боку сваіх жа. Але ж і там з падазрэнне немагчыма — такі ён там проста непатрэбны.

Дык што ж яму рабіць?

Што рабіць, не параіў і Малаковіч, які, мабыць, сам ведаў не больш за яго. Агееў разумеў тое і звяртаўся да яго толькі таму, што лейтэнант быў мясцовы, ведаў большую колькасць людзей і, думалася, — сувязь у яго павінна быць болей надзейная. Аказваецца, са знікненнем Кіслякова ў яго таксама шмат што абарвалася.

Агееў праводзіў Малаковіча да канца гародаў, і яны стрымана развіталіся. Калі б ведалі абодва, што ім так нядоўга засталося быць на волі, што гэта ў іх апошняя магчымасць адкрыта і па шчырасці пагутарыць пра ўсё… Але — не ведалі. І лёгка рассталіся. Малаковіч, як здалося Агееву, — з палёгкай нават, і Агееў, пастаяўшы хвіліну, праводзіў яго невясёлам позіркам, пакуль той не схаваўся ў цемры. Застаўшыся адзін, ён пачаў думаць, чаму так заведзена ў людзей, што вось паявілася маленькае непаразуменне — і ўжо гатовы ўсумніцца, гатовы паверыць некалькім невыразным фактам і не верыць доўгім гадам сяброўства, знаёмства, сумеснай работы, нарэшце, выпрабаванням пагібеллю, якія яны нядаўна стрывалі. Але няўжо Малаковіч таксама ўсумніўся ў ягонай шчырасці, няўжо падумаў хоць на хвіліну, што ён двурушнічае і можа ім здрадзіць? Здрадзіць дзеля каго? Дзеля вось гэтых шакалаў, сабак, якія самі некалі здрадзілі самаму святому ў жыцці — радзіме і народу — дзеля ўратавання ўласнай шкуры? І ён пойдзе да іх служыць? Трэба было зусім не ведаць яго, старшага лейтэнанта Агеева, ці мець самому курыныя мазгі ў галаве, каб падумаць такое. Але ж, напэўна, падумалі. Мабыць, думаць так было болей звыкла? Ці прасцей? Ці, магчыма, болей практычна, дальнабачна? Але калі дальнабачней, як жа тады яго чалавечы лёс? Ці ў такіх абставінах адзін лёс нічога не варты? Дык колькі ж тады лёсаў могуць што-небудзь значыць? Сто? Тысяча? Дзесяць тысяч?

Не, мабыць, калі нічога не варты адзін, дык мала чаго варта і дзесяць тысяч. Такі ўжо элементарны закон арыфметыкі. Арыфметыкі, але не вайны. У вайны свае, далёка не людскія законы, і яны будуць правіць людзьмі, пакуль будуць войны.