Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 289

Васіль Быкаў

— Што-небудзь здарылася? — запытаўся ён ціха.

— Нічога такога, — супакоіў яго Агееў. — Проста некаторыя пытанні.

Мне ж забаронена сустракацца з вамі. Але тут хлопец сказаў…

— Я ведаю. Але ў мяне не было выйсця. Я страціў сувязь з Кісляковым.

— Гэта горш, — памаўчаўшы, сказаў Малаковіч. — Я таксама не маю з ім сувязі.

— Можа, яго ўзялі?

— Не, бытта. Калі б узялі, было б вядома. У паліцыі яго няма. Можа, якая накладка? Або эсдэ сцапала?

— Можа, і накладка. У мяне вось гаспадыня прапала. Ужо два тыдні. Сказала: адлучуся дні на тры — і знікла.

— Ну, цяпер усё можа быць. Дзе-небудзь напаролася. Схапілі. Або застрэлілі дзе-небудзь. Як ваша нага?

— Нага больш-менш. Хаджу ўжо. А як плячо?

— Ды што плячо? Зарасло як на сабаку.

— Значыць, можна ўжо дзейнічаць, калі тут сядзець. Што-небудзь плануецца? — запытаў Агееў і сціх, увесь поўны ўвагі.

Малаковіч прыслухаўся да цішыні ночы і адказаў на адразу.

— Нешта задумалі. Днямі правернем. Толькі са ўзрыўчаткай кепска.

— А якая трэба ўзрыўчатка?

— Ды хоць якая. На харошы выбух.

— На харошы выбух трэба харошы зарад. А як сувязь з лесам?

— Цяжка з сувяззю. Усё пад наглядам. Усе дарогі, вуліцы. Ні праехаць, ні правезці.

— Што чуваць на фронце?

— Ерунда на фронце, — паныла сказаў Малаковіч. — Немцы пад Масквой.

— Да-а, — расчаравана працягнуў Агееў, непрыемна ўражаны гэтай невясёлай навіной.

— Але ўсё роўна хутка падавяцца. Ужо Маскву ім не аддадуць.

— Ну, а мы што ж, тут і будзем сядзець? У гэтай нары? — з прыкрасцю запытаўся Агееў.

— А што ж нам рабіць? Дагнаць фронт? Далекавата, напэўна?

— Далекавата, канечне. Але ж мы вайскоўцы. Камандзіры ўсё ж. З дзеючай арміі.

— Дзейнічаць і тут можна. А там відаць будзе.

Можа, Малаковіч казаў і праўду, яны абавязаны былі дзейнічаць, вось толькі тыя дзеянні, што выпалі на долю Агеева, былі не надта яму па натуры. Нават супраць яго натуры. Ужо лепш які бой, адкрытая агнявая сутычка з ворагам, чым гэтая незразумелая гульня, спрэс няпэўнасць, маркотнае чаканне невядома чаго. Ён думаў цяпер, як сказаць Малаковічу пра паліцыю і Кавешку. Як зрабіць, каб выбрацца з мястэчка куды далей, можа, у лес, у партызанскі лагер, бо яму тут не месца. Але зноў жа, што карысці гаварыць аб тым Малаковічу, у якога таксама няма ні з кім сувязі. Толькі выклікаць падазрэнне ў апошняга, які пакуль што яму верыць.

— Але куды ж прапаў Кіслякоў? — зноў сказаў ён у роздуме.

— Кіслякоў знойдзецца. Можа, пайшоў у лес. А на яго месца другі прыйдзе.

— Прыйшоў бы хутчэй.

— А ў вас што — тэрміновыя справы? Ці паведамленні?

— І тое, і другое… Панімаеш, тыдзень назад прывезлі мех абутку. Ну, пачыніў. І ніхто не забірае.

— Забяруць. Спатрэбіцца — і забяруць, — супакоіў Малаковіч.

— А можа, чакаюць, не давяраюць?

— Ды ну? З якой прычыны?

— Прычына ёсць. Начальнік паліцыі панадзіўся. Угаворвае на супрацоўніцтва.

— У даносчыкі? — напружана выпаліў Малаковіч.

— У даносчыкі. Раз ледзьве ў шталаг не адправіў. Нямецкі оберст загадаў адправіць, — сказаў Агееў і пачакаў, што на гэта скажа Малаковіч. Малаковіч, аднак, прыціх, і Агееў зразумеў адразу: дарма сказаў. Паўтарылася ранейшая гісторыя з Кісляковым — яго паведамленне толькі насцярожыла, нічога не праясніўшы, ускладніла і без таго іх няпростыя адносіны.