Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 292

Васіль Быкаў

Той ноччу Агееў з Марыяй заснулі толькі перад світаннем, усю ноч праседзеўшы ў застаронку ад незразумелай трывогі, якая падняла на ногі местачковыя ўлады і паліцыю. Пачалося ўсё са здзічэлага крыку дзесь на ўскраіне, у раёне могілак, пасля раздаліся стрэлы ў ваколіцы, і па іх Зялёнай вуліцы прабегла некалькі чалавек — усё туды ж, у бок могілак. Тупаценне іх ног глуха аддалося ў начы, але галасоў не было чуваць, быццам гэта прабег строй салдат ці паліцыі. Пасля на суседняй, болей наезджанай вуліцы застукалі фурманкі, там жа пачуліся галасы, нават крыкі, а недзе ля цэнтра і царквы прагырчэлі цяжкія машыны, і святло ад іх фар жоўтымі плямамі мільганула ў тумане над дахамі местачковых хат. Сцяўшы дыханне, Агееў слухаў, спрабуючы зразумець, што адбываецца ў мястэчку, але зразумець было не так лёгка. Марыя, прыпаўшы да яго і абхапіўшы ягоныя плечы рукамі, дробна дрыжала, нібы ў гарачцы, ён хутаў яе ў кажушок і думаў, як бы не давялося ратаваць яе ў гэтую трывожную ноч. Ніжнюю адарваную дошку ў сцяне застаронка ён паказаў ёй даўно, дзяўчына магла пралезці ў гарод, але што далей? Куды ратавацца з гарода, яны так і не вырашылі.

Яны не вырашылі шмат чаго ды так і занулі пад ранак у пяшчотных абдымках, калі гэтая малазразумелая трывога неяк сама па сабе ўляглася і ўсё навокал паступова заціхла.

У волглым застойным тумане ўсё на падворку было настылае, золкае і няўтульнае. На змакрэлым голлі віселі празрыстыя кроплі, сцякалі па мокрых камлях дрэў; туман ціха ахутваў рыжае лісце клёна і, чапляючыся ў суках, ціха клубіўся там, марудна спаўзаючы на чорны, набрынялы вільгаццю дах хаты. Агееў схамянуўся ад сцюжы і перш за ўсё падышоў да дзвярэй на кухню — клямка звечара некранутай ляжала на прабоі, значыць, Бараноўскай усё не было. Ён перастаў ужо лічыць дні і тыдні, што мінулі пасля яе ад’езду; мабыць, сапраўды ягоная гаспадыня прапала назаўжды і без знаку. Яны з Марыяй ужо з’елі паўагарода бульбы, падабралі, што можна было падабраць з ежы ў кладоўцы, але з маёмасці нічога не чапалі, абыходзіліся пакуль кажушком ды стракатаю ватнай коўдрай, што была на гарышчы. Кожны раз, прачынаючыся ў застаронку, Агееў чакаў, што хто-небудзь з’явіцца ў двары і скажа: «Ад Волкава». Але ішлі дні, а ніхто не прыходзіў, мех з адрамантаваным абуткам па-ранейшаму ляжаў пад сенам. Не паявіўся і Кіслякоў. Агееў адчуваў сябе абсалютна закінутым і забытым, і адзінаю ягонай уцехай была Марыя.

Ён не мог даўмецца чаму, але Марыя ўжо ўладарна і без рэшты захапіла яго пачуцці, запоўніла сабой ягоную істоту — яго памяць, увагу, думкі — і, здаецца, ужо стала яго каханнем. Не перастаючы, ён думаў пра яе і пра іхні няўдалы лёс. Наяве ці ў марах яна штодзень была з ім, і ён заўжды бачыў перад сабой яе мілае аблічча, слухаў яе асаблівую, парывістую манеру гаварыць, гатовы быў глядзець і глядзець, як яна ў размове адкідвае з ілба светлую пасмачку валасоў ці, трошкі схіліўшы галаву, прычэсваецца маленькім празрыстым грабеньчыкам, які заўжды блішчэў у яе на патыліцы. Яе тонкія трапяткія рукі былі ўвасабленнем клопату і руху, калі яна гаварыла пра што і нават калі маўчала, папраўляючы кароткі сарафанік на каленях, ці парывіста абдымала яго за плечы, прыціскаючы маленькія далонькі да яго лапатак, ці лахмаціла яго валасы. Асаблівае задавальненне для яе рабіла барада, якую ён разы два падстрыгаў нажніцамі, але пагаліць якую ў яго не было чым. Марыя лахмаціла яе рукамі, цалавала і цёрлася шчокамі, гарэзліва прыгаворваючы: «Якая ў цябе барада! Якая калючая! А ты адпусці яе, як у дзеда, во здорава будзе!»