Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 288

Васіль Быкаў

— Куды ты?

— Ціха, ціха. Спі. Я гэта… Тут павінен адзін чалавек прыйсці.

— Які чалавек?

— Ну, панімаеш, знаёмы.

— З мястэчка знаёмы?

— З мястэчка.

Быстрымі рухамі маленькіх рук яна паправіла на сабе падол сарафаніка, маленькім перламутравым грабеньчыкам трохі прычасала на патыліцы кароткія валасы. Здаецца, яна нічога не падазравала і ні пра што не здагадвалася.

— А мне… Тут быць?

— Ага. Ты сядзі тут. Як толькі я яго адпраўлю, дык і прыйду.

Ён пацалаваў яе мяккія пакорлівыя вусны і злез па драбіне ўніз. Гультай, які драмаў ля парога на кухні, неахвотна падняўся, пацягнуўся, патрабавальна прамяўкаў. Агееў падхапіў яго ўпоперак цела і ў кладоўцы падсадзіў на драбіну.

— Во сябрука табе. Каб не сумавала.

Агееў выйшаў на двор. У небе ўжо плылі грувасткія кучаравыя аблокі — пэўна, на лепшае надвор’е, і ён падумаў: як утаіць яго справы ад Марыі? Утаіць, канечне, было неабходна, ён не меў права самавольна давяраць ёй тое, што не было ягоным сакрэтам, але і ўтаіць што-небудзь пры такіх з ёю адносінах было няпроста. Хоць бы таго ж Малаковіча. Яна магла яго ўбачыць, падслухаць іх гутарку — што яна магла падумаць пра іх? Вядома, лепш за ўсё, каб яна была ў курсе іх спраў, але яшчэ без прычыны, амаль падсвядома, ён баяўся ўцягваць яе ў гэтыя іх няпростыя справы, якія штодня маглі кепска скончыцца. Навошта рызыкаваць яшчэ і ёю?

Тупаючы па двары, Агееў чакаў Малаковіча, пасля выйшаў на мокрую сцежку ў гародзе. Ён узіраўся ў бок рова, але Малаковіча не было. Пачало ўжо змяркацца, з садкоў і гародаў пацягнула золкай вільгаццю, зрабілася халадней, і ён падумаў, што, мабыць, трэба ісці ў застаронак. Малаковіч ведае, дзе гэта, ён павінен знайсці. Толькі Агееў падумаў так, стоячы каля расчыненых дзвярэй хлява, як за домам, дзесьці ў баку местачковага цэнтра, раздаліся стрэлы — два вінтовачныя і некалькі разрозненых аўтаматных чэрг. Агееў знерухомеў, прыслухаўся, але стрэлы на тым і спыніліся, крыкаў быццам не было чутна, і ён занепакоена падумаў: ці не па Малаковічу гэта? Усё ж пачынаўся каменданцкі час, немцы і паліцыя лютавалі па вуліцах і дарогах, спыняючы кожнага, хто там паяўляўся. Увесь местачкавы люд імкнуўся ў гэтую пару быць дома і не вытыркаць носа з сваіх двароў. Але Малаковіч мог прыйсці да яго толькі ўначы, калі ніхто яго не мог пазнаць у мястэчку.

Агееў пазіраў у абодва канцы двара, але часцей — на межавую сцяжыну паўз гарод, думаў, што Малаковіч паявіцца з рова. А той раптам выслізнуў з-за вугла хлеўчука і апынуўся перад Агеевым.

— Добры дзень!

— Ну, напалохаў!.. Там стрэлы, чуў? Гэта не па табе?

— Я хаджу там, дзе стрэлаў не бывае, — пахваліўся Малаковіч, аднак цяжка дыхаючы ад хуткай хады. Яны прайшлі праз хлеў у застаронак, дзе ўжо было амаль цёмна. Агееў апусціўся на тапчан, Малаковіч, як і ў мінулы раз, прысеў на парозе.