Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 287

Васіль Быкаў

— Гэта што — забітыя? — схілілася да яго Марыя.

— Забітыя…

Хвіліну ён прыглядаўся да іх твараў і думаў: вось мінула столькі гадоў — і зноў тое ж самае. Зноў гінуць рускія камандзіры, палкоўнікі і капітаны, усё ад рук тых жа немцаў і амаль у тых жа самых месцах, што і чвэрць стагоддзя назад. Толькі ў адрозненне ад гэтых вусатых чыноў у пагонах і эпалетах іх фатаграфіі не друкуюцца ў газетах, на тое, мусіць, не хапіла б усіх газет у краіне. Што і казаць, жыццё чалавечае не падаражэла цаной і, мабыць, ужо не падаражэе ніколі. Вайна стала бязлітаснай, ахвяр будзе куды больш, чым раней. Хіба можна яе параўнаць з той маларухомай соннай вайной, якая некалькі гадоў ішла амаль на адным і тым месцы.

— Вось гэта прыгожы хлопчык! — з жалем сказала Марыя, паказваючы на фота. — На цябе падобны.

«Паручнік Ольгін», — прачытаў Агееў, пазіраючы на малады, бязвуся твар дабрадушнага хлопца ў пагонах, з крыжам на грудзях і прытоенай усмешкай на мяккіх хлапечых вуснах. Што ён думаў, пра што клапаціўся, гэты паручнік, перад сваёй пагібеллю дваццаць пяць год назад? Але пра гэта ўжо не скажа ніхто, як ніхто, мабыць, ужо не прыпамятае маладога паручніка.

А ці прыпамятае хто пра іх праз дваццаць пяць год?

Выпадковы гэты часопіс выклікаў у Агеева самотныя думкі, і, можа, упершыню за сваё жыццё ў мястэчку ён падумаў пра непазбежнасць сваёй пагібелі на гэтай вайне. Можа, і перажыве яе хто-небудзь, і дачакаецца перамогі, але наўрад ці гэта наканавана яму. Надта яна блізка ад яго ходзіць, гэтая яго пагібель, надта часта даводзіцца заглядаць у яе чорную пашчу, каб песціць надзею застацца жывым.

— А во паглядзі, смешны часопіс «Осколки», — зусім у іншым настроі, жвавым і бесклапотным, сказала Марыя. — Пазнаеш?

— Чэхаў?

— Чэхаў. Антон Паўлавіч, мой самы любімы пісьменнік. Во на фурманцы, як смешна. Сяброўскі шарж.

Пры цьмяным святле з слухавога акна яны доўга перабіралі ў куфры, глядзелі кніжкі, гарталі старыя часопісы, змест якіх у многіх адносінах проста яго здзіўляў. З розных старонак на іх пазіралі ўвешаныя ўзнагародамі генералы, гафмайстры двара і сенатары ў расшытых мундзірах, франтаватыя свецкія дамы, губернатары, вусатыя афіцэры і ніжнія чыны даўняй, мала яму знаёмай вайны. Ад старой паперы ішоў непрыемны, магільны пах, які вымушаў іх чхаць. З неба тым часам усё часцей пачало выглядваць сонца, праз слухавое акенца ў паўзмрок гарышча звесіўся пук промняў, паклаўшы ў доле светлы косы квадрат. Стала цяплей. Навокал драмала цішыня, і, зноў забыўшыся пра ўсё на свеце, яны прылеглі на коўдры. Марыя шаптала штось, горача і аддана, але Агееў не надта ўнікаў у блытаны сэнс яе слоў, ён зноў аддаўся пачуццям, пакуль не забыўся ў знямозе. Сон яго, аднак, быў не доўгі, і, калі ён прачнуўся, Марыя, падкурчыўшы ногі, ляжала на баку побач. Сонца з акна ўжо знікла, і тое ледзьве свяцілася, мабыць, на склоне дня. Агееў падумаў, што так можна празяваць прыход Малаковіча, і ціхенька, каб не пабудзіць Марыю, устаў. Аднак падхапілася і Марыя.