Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 286

Васіль Быкаў

У светлых вачах Віці паявілася стрыманая цікаўнасць, і ён з гатоўнасцю кіўнуў галавой.

— Збегаю. А што зрабіць?

Яны выйшлі з гарода. Агееў абтупаў на сцежцы мокрыя ад расы боты, Віця босы стаяў на мокрай траве.

— Панімаеш, там працуе твой цёзка, дзядзя Віця. Знойдзеш яго і скажаш, што яго чакае кульгавы дзядзя. Паняў?

Віця моўчкі кіўнуў і паправіў кепку, гатовы бегчы, выконваць даручэнне.

— Але каб нікому болей ні слова! Перадасі дзядзю Віцю і адразу дадому. А заўтра прыйдзеш, я табе яшчэ яблыкаў дам.

Боўтаючы цяжкімі кішэнямі, Віця пабег на вуліцу, а Агееў зноў заняў свой пост у майстэрні-альтанцы. Можа, ён зрабіў і няправільна, можа, не трэба было давяраць тое хлопцу, тым болей выклікаць сюды Малаковіча. Але ў яго ўжо не хапала вытрымкі, гэтая няпэўнасць прыгнятала яго горш за якую небяспеку.

Ён праседзеў у альтанцы яшчэ з гадзіну і нікога не дачакаўся. Местачкоўцы, падобна на тое, у ім не мелі патрэбы і паводзлі сябе так, быццам увесь іх абутак быў у парадку. А можа, яны рамантавалі яго ў іншым месцы, дзе-небудзь бліжэй да цэнтра? Ці, можа, несамавіты выгляд яго майстэрні не даваў ёй даверу? Агееў нарэшце раззлаваўся, пайшоў дадому і, зашчапіўшы дзверы на кухні, палез на гарышча. Марыя чакала яго наверсе і, толькі ён ступіў з драбіны, абхапіла яго ззаду рукамі, ціхенька засмяяўшыся над вухам.

— Марыя!

— А я цябе бачыла, вось! Як ты ў альтанцы сядзеў — незадаволены такі, злосны. Во зірні.

Яна падвяла яго да скошанага даху за куфрам, дзе каля кроквы свяцілася невялікая, з паўдалоні, дзірка, з якой былі бачны альтанка і частка двара ад вуліцы.

— А што гэта такое? — запытаўся ён, убачыўшы расчынены куфар з грудай кніжак у цёмных пераплётах, падшыўкі старых пажоўклых часопісаў, нейкіх папер, купкі іншых выданняў у мяккіх вокладках з неразрэзанымі старонкамі.

— Кнігі, разумееш!

Апусціўшыся ля куфра, Марыя выцягнула адтуль тоўсты том у прыгожай, з царскім гербам, вокладцы.

— Вось: «Россия, полное географическое описание нашего отечества под редакцией Семенова». Гэткая кніга і ў нас была, баця яе ў экспедыцыі браў. А во тры тамы Шэлер-Міхайлава з дваранскага быту, некалі я ім зачытвалася. Во «Бесы» Дастаеўскага. А часопісаў колькі!

Следам за Марыяй ён таксама пачаў перабіраць у куфры бязладна наваленыя туды тамы старых выданняў і сярод іх патрапаныя падшыўкі часопісаў «Будильник», «Осколки», «Стрекозы», цяжкі камплект «Нивы» за 1916 год. На першай старонцы камплекта быў змешчаны малюнак маладой прыгажуні ў святочным убранні з пацеркамі на грудзях і крылатымі херувімамі, што пырхалі навокал з часопісам у руках. Унізе значылася імя выдаўца А. Ф. Маркса — сорак сёмы год выдання. Агееў з цікавасцю пагартаў багата ілюстраваную падшыўку, і зноў на яго дыхнула вайной: карта ваенных дзеянняў з лініяй фронту ад Рыгі да Кішынёва і ў Закаўказзі каля Тэгерана, пасля ішлі здымкі нейкай «Северопомощи» з натоўпамі мужыкоў і салдатак, артбатарэя на пазіцыі. Пад прыгожа намаляваным загалоўкам «Вечная память» стракацелі рады афіцэрскіх здымкаў, і ён угледзеўся: палкоўнік Крабэ з ліха падкручанымі вусамі, палкоўнік Баркоўскі, падпалкоўнік Ленц у модным тады пенснэ, капітан Гусакоў з суровым паглядам з-пад навіслых броваў, самотна-задуменны штабс-капітан Кібаленка і яшчэ некалькі радоў невялікіх, з паштовую марку, здымкаў.