Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 285

Васіль Быкаў

Ён адвёў свой позірк — прыкідвацца далей, што сыты, вылазячы з-за стала, у яго ўжо не ставала сілы.

— Бульбай хіба наясіся?

Марыя ненадоўга задумалася.

— Алежка, можа, я выбегу? Ну, на пятнаццаць хвілін? Тут во к суседзям.

Агееў зразумеў адразу, што яна мае на ўвазе, і сказаў строга:

— І не думай! Сядзі, нікуды не вытыркайся!

Ён быў галодны, але думаў цяпер не пра хлеб — ён думаў, як яму звязацца з Малаковічам. З Малаковічам бы ён пагутарыў па шчырасці, ужо хто, а Малаковіч павінен яго зразумець і, можа, памагчы. Але лейтэнант быў далёка, здаецца, за два кіламетры, на станцыі; зноў жа, сустракацца з ім Агееву забаранілі ў самым пачатку. Агееў пачакаў, пакуль Марыя прыбярэ са стала, і абняў яе, з маўклівай пяшчотай пацалаваў у лоб і выйшаў на двор.

У той дзень зранку надвор’е быццам пачало лепшаць. Усюды яшчэ было мокра, каля вугла дома стаяла лужына мутнай вады, на вуліцы холадна блішчэла мокрая гразь, з кляновага голля падалі долу буйныя кроплі. Але неба яснела, у разрывах аблокаў ненадоўга паяўлялася сонца. Агееў захінуў ватоўку, прайшоў у сваю апусцелую майстэрню-альтанку. Рабіць тут не было чаго, ён прысеў на табурэтку за набрынялыя вільгаццю дошкі стала, пачаў чакаць. Ён думаў, што хто-небудзь паявіцца на вуліцы, можа, з тых, хто патрэбны яму, ці, можа, каму-небудзь спатрэбіцца ён. Ён сядзеў доўга, але на вуліцы ніхто не з’яўляўся. Толькі захутаная ў тоўстую хустку жанчына правяла пярэстую карову — мабыць, на пашу, аднекуль з гародаў выскачыў бяздомны сабака, спыніўся, з цікаўнасцю паўзіраўся ў яго і пабег сваёю дарогай.

Праз гадзіну на тым баку вуліцы паявіўся гадоў дзесяці хлопчык у вялікай, насунутай на вочы кепцы, з дубчыкам у руках. Роздумна сцябаючы дубчыкам па галовах малачаю, які буйна разросся пад плотам, ён паглядваў у бакі. Калі ён затрымаў свой позірк на Агееве, той, раптам узрадаваўшыся, махнуў рукой:

— Ідзі сюды!

Хлопчык нетаропка падышоў, саўгануўшы ўгору кепку, пільна ўставіўся ў яго светлымі вачыма.

— Цябе як завуць?

— Віця.

— Яблыкаў хочаш?

Віця згодна кіўнуў галавой і зноў саўгануў сваю кепку, якая ўсё з’язджала на вочы.

— Ану, ідзі сюды.

Агееў прывёў яго на гарод да смачнай малінаўкі, на якой яшчэ можна было дастаць знізу некалькі пераспелых яблыкаў. Ухапіўшыся за галінку, падцягнуў сук, які абдаў яго сцюдзёнымі кроплямі.

— Ты дзе жывеш? На гэтай вуліцы?

— Не, я — на Бялінскага. Во тут блізка.

— У школу хадзіў?

— Хадзіў. У трэці клас. Цяпер не хаджу.

— Будзеш хадзіць. Як немцаў прагоняць. Пойдзеш у чацьвёрты.

— Хутчэй бы, — сказаў Віця і зусім па-даросламу ўздыхнуў — працягла і трудна.

— У цябе татка ёсць?

— Ёсць. На вайне толькі. А можа, ужо і няма.

— З мамай жывеш?

— З мамай.

Агееў сарваў некалькі яблыкаў, Віця распіхаў іх па тугіх кішэнях, за пазуху і сказаў, калі Агееў пацягнуўся да новай галіны:

— Мне ўжо хопіць.

— Ну, хопіць, дык хопіць, — сказаў Агееў і вылез з-пад нізкіх галін. — Слухай, Віця, а ты на станцыі быў?

— Быў. Толькі даўно ўжо. Там у мяне цётка жыве.

— А дзе качагарка, ведаеш?

— Гэта што за семафорам?

— Ну, — пацвердзіў Агееў, хаця сам, канечне, не ведаў, дзе тая качагарка. — Ты не мог бы збегаць туды?