Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 284

Васіль Быкаў

Праўда, радасць яго хутка міналася.

У такія вось ціхія хвіліны, калі ён заставаўся сам-насам, у ім узнікаў і ахопліваў яго ўсё большы неспакой з тае прычыны, што ішоў час, а яго пражыванню тут не відаць канца. Нага яго спакваля ўваходзіла ў норму, рана гаілася, і ён, трохі кульгаючы, ужо без кія мог хадзіць па падворку, выходзіць на вуліцу. Яму здавалася, што ён ужо здолеў бы паціху пусціцца на ўсход, да сваіх. Але во бяда, фронт усё не спыняўся, нашы адступалі, і, мяркуючы па ўсім, баі шлі дзесь за Смаленскам, можа, пад Масквой нават. Зрэшты, дакладна ён нічога не ведаў, усе сувязі яго парваліся, з лесу ніхто не прыходзіў. Ужо быў адрамантаваны ўвесь абутак, поўны мех якога ён запіхаў пад сена ў застаронку, каб аддаць таму, хто па яго прыйдзе. Але па абутак ніхто не прыходзіў, недзе прапаў Кіслякоў, і Агеевым усё болей авалодвала трывога ад сваёй адасобленасці, такой доўгай адзіноты. Ён пачаў ужо шкадаваць, што расказаў Кіслякову аб сваіх адносінах з паліцыяй, пра што той, вядома ж, перадаў Волкаву, і вось у выніку крыўдны недавер да яго. Вельмі падобна было на тое. Але гэта было б жахліва, гэта знішчыла б яго маральна, зусім не даўшы магчымасці што-колечы растлумачыць, у чымсь апраўдацца. Для сканчэння гэтай недарэчнасці не хапала хіба, каб яны пакаралі яго. Якая ў такіх умовах магла быць кара, ён ужо здагадваўся.

Зашчапіўшы дзверы на кухні, яны моўчкі паелі бульбы, якая, аднак, толькі ненадоўга спатоліла голад, і Марыя штось прыкмеціла ў ягоным позірку ці, можа, адчула ў яго настроі. Яна з’ела ўсяго тры бульбіны, рэшту ў талерцы падсунула яму, і ён даеў усё.

— Не наеўся? Не? — запыталася Марыя.