Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 283

Васіль Быкаў

Тое, што павінна было стацца паміж маладымі людзьмі, сталася на трэцюю ноч іх начлегу ў застаронку, і яны апынуліся нарэшце пад адным кажушком на тапчане. Дождж на падворку ўжо не ішоў, але над сядзібай па-ранейшаму гуляў сцюдзёны восеньскі вецер, які, павярнуўшы з поўначы, наскрозь прадзімаў застаронак. І ўсё ж тут было зацішней, чым на вялізным гарышчы, а галоўнае — тут здавалася болей бяспечна. Побач быў непрыкметны ход на гарод, дзе пад каменем ляжаў пісталет. Той ноччу яны доўга не маглі заснуць і ціхенька гутарылі пра ўсё. Марыя хутка пазбылася сваіх беспадстаўных страхаў і смяшліва хіхікала пад кажушком у адказ на стрыманыя жарты Агеева, якімі той адгукаўся з сена. Абое яны быццам забыліся, дзе знаходзіліся, забыліся, што ў свеце грымела вайна і небяспека пагражала кожнаму. Ім было добра разам, і ў пачуццях Агеева тлела-расла рашучасць, якую нарэшце немагчыма стрымаць. Скінуўшы з сябе ахапак сена, ён падышоў да тапчана і прыўзняў палу кажушка. Марыя, наперакор яго спадзяванню і свайму палахліваму «не», пасунулася да сцяны.

Тая ноч для абаіх мінула без сну, у мешаніне пачуццяў, неадольнай пяшчоце, якая нечакана авалодала імі, і толькі пад ранак яны ўсё ж забыліся ў кароткім сне. На світанні Марыя прачнулася першая, саскочыла з тапчана. Следам прахапіўся Агееў і, нібы з пахмелля, мала што разумеючы, скіраваў на яе недаўменны позірк.

— Куды ты?

Спярша яна ўся заўсміхалася, а пасля, насцярожаная і зваблівая ў сваёй цнатлівай збянтэжанасці, асцярожна ступіла да яго і з недзяўчачай, хутчэй мяцярынскай пяшчотай пацалавала яго каля вуснаў. Прыгадаўшы ўсё, што здарылася паміж імі ў гэтую непагодную ноч, ён паморшчыўся, падумаўшы, што, мабыць, Марыя пачне папракаць яго, можа, нават заплача. Ён не трываў папрокаў, тым болей жаночых слёз, але яна толькі гаротна ўздыхнула і сказала шэптам, поўным захаплення і ўдзячнасці:

— Алег! Алежка… Дзякуй табе…

— За што ж дзякуй, дзівачка?..

Ён абняў яе за вузкія плечы, далікатна прыцягнуў да сябе.

— За ўсё, усё дзякуй.

Аднак ужо развіднелася, і яны спяшаліся пакінуць застаронак, удзень бяспечней было хавацца ў вялікім доме з яго кухняй, кладоўкай, гарышчам. Звычайна, пакуль Марыя гатавала што-небудзь паесці, ён хадзіў па падворку, пільнаваў яе ад вуліцы, каб пры выпадку, калі хто зойдзе, затрымаць яго і даць ёй магчымасць схавацца. Дранікаў яна ўжо не пякла, скончыўся тлушч у слоіку, і Марыя варыла бульбу, якую яны елі, макаючы ў соль на талерцы. Хутаючыся ў ватоўку, Агееў стаяў ля клёнаў і пазіраў угару на дах дома, чакаў, калі з коміна пойдзе дым — значыць, Марыя запаліла ў пліце, трэба было прычакаць, калі зварыцца бульба. Усё, што здарылася ноччу, цяпер прыпаміналася з прыкрасцю ў яго неспакойных пачуццях, і на цвярозую галаву ён пачаў дакараць сябе за тое, што ў адносінах з ёю дайшоў да таго. Канечне, з гэтай дзяўчынай цяжка было ўстрымацца ад граха, але ўсё ж ён павінен быў праявіць волю і ўтрымаць сябе ад апошняга кроку. Але во не знайшоў у сабе гэтай волі, паплыў па хвалях пачуццяў ды яшчэ ў такі самы непрыдатны для таго час. На свеце грымела вайна, ягоныя таварышы гінулі на фронце, а ён чым заняўся? Ды і яна вінавата — прыйшла, падпусціла… Што цяпер будзе? Нічога, вядома, добрага — гэта ён ведаў напэўна, будзе абаім кепска. Але гэта ён думаў зараз, разважаючы халоднай галавой, а на сэрцы ў яго наперакор усяму журчэла ціхая пяшчота да гэтай мілай дзяўчыны, якая так безаглядна і даверліва аддалася яму. І ён гатовы быў яе апекаваць, дапамагаць ёй у той пастцы, куды яе загнала вайна, нават гатовы быў пацярпець за яе — ён не адчуваў у тым гнятлівасці — хутчэй рашучасць і нявыказанаю ціхую радасць.