Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 282

Васіль Быкаў

Героя ён зусім мог заслужаць у баі ці разведцы, пры фарсіраванні ракі, у абароне ці акружэнні. Але гэта зусім не значыла, што заслужанае аўтаматычна ператвараецца ў заробленае і як заробленае аплачваецца. Будучы з’явай выключнай, подзвіг, можа, болей за ўсё падлеглы элементу суб’ектыўнасці ў яго ацэнцы, якая залежыць ад многіх людзей і абставін. Агееў памятаў выпадак у іх стралковым палку, калі ўзнагароджвалі групу аўтаматчыкаў за фарсіраванне Нёмана ўлетку сорак чацвёртага года. Група была невялікая, каля дванаццаці чалавек, яна першая перабралася на другі бераг і на працягу сутак абараняла плацдарм. Жывымі засталіся толькі пяць чалавек і сярод іх сяржант Белаброўцаў, што з ручнога кулямёта адбіў восем нямецкіх атак. Усе яны былі ўзнагароджаны ордэнамі, апроч Белаброўцава, які, аказалася, год назад быў у палоне, чаго было даволі, каб узнагароду яму панізілі да медаля «За адвагу». Сямёнаў быў у палоне таксама і нават служыў у паліцыі…

Мог ён і страціць Залатую Зорку, як знаёмы Агеева малодшы лейтэнант Мількоў, удалы разведчык, чалавек незвычайнай адвагі. З якой толькі калатнечы не выбіраўся ён на фронце, плоцячы за тое хіба што лёгкімі раненнямі, адно з якіх, па сутнасці, і загубіла яго маладое жыццё. Трапіўшы з прастрэленай рукой у армейскі ГЛР, размешчаны ў недалёкім тыле, Мількоў, напэўна, рашыў, што тут ужо можна расслабіцца — немцы і начальства далёка. Набраўшыся польскага бімберу, ён учыніў п’яную бойку з прымяненнем зброі, не паслухаў старшых афіцэраў, быў арыштаваны камендантам гарнізона, аддадзены пад суд ваеннага трыбунала, пазбаўлены звання Героя і адпраўлены радавым у штрафную роту без ніводнай з заслужаных ім дзевяці ўзнагарод.

Трохі менш сумны лёс праўдалюбца старшыны Ступакова, артылерыста-супрацьтанкіста, які, застаўшыся адзін ля гарматы, падбіў з яе восем танкаў. Праўда, спярша артылерыстаў было два, ён і ягоны зямляк, які загінуў у разгар паядынку, Ступакоў быў паранены, усе падбітыя танкі залічылі яму і прадставілі яго да звання Героя Савецкага Саюза. Аднак прэтэндэнт на Героя, любячы праўду больш, чым узнагароды, пачаў усюды пісаць, што да гэтага звання трэба прадставіць і ягонага забітага сябра, бо той падбіў пяць з васьмі танкаў і таму заслужыў яго з яшчэ большым правам. Скончылася, аднак, тым, што начальства адклікала прадстаўленне, і Героя не атрымаў ніхто. Праўда, праз месяц Ступакова ўзнагародзілі ордэнам Айчыннай вайны другой ступені.

І вось цяпер яшчэ адзін неардынарны ваенны лёс, які пакінуў без адказу шэраг пытанняў, не праясніў многіх загадкавых абставін.

А дзе разгадка яго шматгадовай загадкі? Разгадаецца яна калі-небудзь ці і яму наканавана, як Сямёну Сямёнаву, пакінуць яе жывым? Або цалкам узяць у магілу?

Зусім трохі заставалася яму працы — на дзень, не болей, і ён з чыстым сумленнем мог палічыць, што перавярнуў увесь кар’ер і не знайшоў нічога. Яе тут няма, значыць, яна магла выжыць. І з ёй магло выжыць новае, невядомае яму жыццё, якое цяпер зрабілася для яго важней за ўсё на свеце. Чамусьці на гэтым нязнаным жыцці сышоўся няскладны ягоны лёс — пралёг у будучыню. Гэта была тоненькая саломінка ў полі, маленькая іскрынка на ветры, але яна давала надзею. Агееў ужо выразна адчуваў, што яго існаванне без яе траціла ўсякі сэнс. З ёй жа — неспазнанай і загадкавай — усё рабілася інакшым, жыццё набывала сэнс, змест, а галоўнае — яно прадаўжалася. Няхай у іншых формах, у іншым аб’ёме і часе, але яно суцяшала. Іншага суцяшэння для Агеева ўжо не заставалася на гэтай зямлі, і ён вельмі шкадаваў, што надта позна зразумеў гэта.