Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 281

Васіль Быкаў

— А ўзнагароды чаму аставілі? Не палагаецца. Таварыш Хаміч, вазьміце! — загадаў ён нізенькаму пажылому ўжо чалавеку ў ботах, і той узяў падушку, перакінуў яе пад паху — медалі ціхенька забразгалі на яго баку. Усе з палёгкай накіраваліся да выхада. На могілках засталіся толькі дзве жанчыны, якія заканчвалі прыбіраць магілу: стараватая ў цёмнай хусцінцы і маладзейшая з тонкай, туга сцятай джынсамі таліяй. Усё пакутуючы ад нечаканасці гэтае смерці, Агееў запытаўся:

— Як гэта здарылася?

Маладая зірнула на яго і не адказала, ставячы букеты ў шкляныя слоікі, а стараватая, не адразу, памаўчаўшы, сказала, тоячы пэўнае значэнне:

— Здарылася! Даўно павінна было здарыцца…

Агееў не адчуў у яе словах ні жальбы да нябожчыка, ні належнай добразычлівасці да сябе і падумаў: жонка.

Жанчыны яшчэ заставаліся, а ён пайшоў па дарожцы з могілак, выйшаў на дарогу, падняўся па адхоне да сваёй палаткі. Рабіць тут не было чаго, блізкасць свежай магілы, а галоўнае, гэтая нечаканая смерць прыгняталі яго, і ён задуменна пабрыў далей, да самага абрыву. За тыдні ягонай працы ў гэтым кар’еры ён неяк неўпрыкмет прывык да Сямёна, яго бясхітраснай прастадушнай натуры, якой, можа, не хапала яму для дружбы ці проста прыяцельскіх узаемаадносін у яго гарадскім жыцці. Сярод саслужыўцаў па інстытуце такіх, пэўна, не было ніводнага, мабыць, такія па адным ужо выводзіліся, уступаючы месца іншым характарам з яўна выяўленым імкненнем да лідэрства, рознага роду пераваг, напоўненых клопатамі аб дабрабыце і дробязнай прэстыжнасці. Сямён жа не прэтэндаваў ні на што, апроч хіба шклянкі віна ды кароценькай увагі да яго апавяданняў пра перажытое мінулае. І трэба ж — такая раптоўная смерць! А яму нават не прыснілася ноччу нічога такога, што б прадказала гэты канец, проста ноч выдалася на рэдкасць глухой, без сноў. Ці, можа, ён забыў усё да світання?

Па той бок кар’ера ад поля расло некалькі чэзлых, абгрызеных козамі дрэўцаў, якія кідалі вузкія цені ад абрыву. Ён падышоў да іх, стомлена апусціўся на траву і пачаў задумліва азіраць зверху свой злашчасны кар’ер, могілкі, магутны заслон старых дрэў на іх, зеляніну садкоў і дахі ўскраінных хат пасялковай вуліцы. За аброслым крапівой і дзядоўнікам плотам насупраць ярка ззяла насустрач нізкаму сонцу некалькі жоўтых галовак сланечніку, і Агееў прыпомніў, як Сямён некалькі дзён таму абяцаў расказаць, што калісь ледзьве не атрымаў Героя. Аркадзь, мабыць, усумніўся, палічыўшы тыя словы пахвальбой, але Агееў быў гатовы паверыць. Шкада, цяпер ужо ніколі ён не раскажа пра свае ваенныя подзвігі і пра свае пакуты, што, зрэшты, на вайне адно і тое ж.

Агееў сядзеў і думаў, што нябожчык і на самай справе мог заслужыць Героя, такія характары здольныя на самыя высокія, часта нават не зусім усвядомленыя імі подзвігі, бо ім не ўласцівы разлік, хітрасць — як дзеці, яны дзейнічаюць па першым клічы натуры. Натура ж іх недалёка адышлася ад прыроды, дзе ўсё рашаюць, эмоцыі, і істота цалкам належыць віду, наследуючы ўсе яго характэрныя рысы і падпарадкуючыся яго спрадвечнае логіцы. Напэўна, таму такія рэдкія і нехарактэрныя выпадкі ўзаемазнішчэння ўнутры віду, які ўвасабляе сваю відавую мудрасць у паводзінах сваіх істот.