Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 280

Васіль Быкаў

Магілу закопвалі ў тры ці чатыры рыдлёўкі. Спярша там гулка аддаваліся цяжкія ўдары зямлі аб века труны, пасля гэтыя ўдары пачалі глухнуць і сціхлі зусім, калі магіла напоўнілася зямлёй. На тым баку нехта ўжо трымаў чырвоную пірамідку з чорнай таблічкай на баку, і Агееў раптам ірвануўся наперад. Ён нічога яшчэ не разабраў на гэтай таблічцы, здалёку яшчэ нельга было згледзець ніводнай там літары, але, адчуўшы знянацку ўдар пад сэрцам, сцяміў — гэта ж ён! Бог мой!.. Як жа так?.. Як жа?..

Ад магілы адступіліся, двое мужчын падбіралі рыдлёўкамі зямлю, трэці раўняў яе на магілцы. Штурхануўшы худога мужчыну з рудой ад загару шыяй, Агееў праціснуўся наперад і блізарука нагнуўся да пірамідкі. Зрэшты, ён ужо ведаў, што там напісана, і хвіліну пазіраў недаўменна, не ў стане засвоіць дзікі сэнс трох слоў, не надта прыгожа выведзеных белаю фарбай на чорным фоне:

СЯМЁНАЎ

Сямён Іванавіч

1916–1983 гг.

Ашаломлена замёршы каля магілы, ён не адчуваў, як з-пад ног выграбалі рэшту зямлі і ён яўна замінаў рабочым. На хвіліну страціў сілы і — падобна — розум, так яго збянтэжыла гэтая нечаканая смерць. «Толькі ж яшчэ заўчора… Толькі тут сядзелі… Заўчора…» — праносілася ў яго збянтэжанай свядомасці.

Гэтыя ці падобныя да іх думкі авалодвалі ім не ўпершыню. Многа разоў, калі ён чуў пра нечаканую смерць знаёмага чалавека, разам з міжвольным пратэстам супраць таго паяўлялася адчуванне недарэчнасці, непаразумення, і ў глыбіні свядомасці бліскала надзея, што вось-вось нешта зменіцца, справядлівасць пераможа і вестка пра смерць акажацца фальшывай. Трохі пазней і паступова розум прывыкаў і мірыўся, але спярша, як цяпер вось, гэтае пачуццё-пратэст было такім моцным, што смерць здавалася нерэальнай, нібы яна толькі прыснілася.

Але і на гэты раз смерць не прыснілася, усе дробязі гэтага пахавання былі надта рэальныя і зусім паслядоўныя. Магілу закапалі, усё зараўнялі, падчысцілі, зверху паклалі кветкі з пасялковых гародчыкаў. Ля пірамідкі барвова чырванела плюшавая падушачка з узнагародамі — адна на ўсе, заслужаныя нябожчыкам: сярод тузіна старых медалёў на заношаных стужках вылучаліся два ордэны Чырвонай Зоркі. Побач у журботна знямелых паставах стаялі два высокія маладыя яшчэ чалавекі, зірнуўшы на аднаго з якіх — у вайсковым, з пагонамі прапаршчыка, — Агееў зразумеў, што гэта — сын. Напэўна, такім жа калісьці быў Сямёнаў-бацька: хударлявы, шырокай касці, даўганогі і даўгарукі малады чалавек з трошкі плоскімі грудзямі і шырокім разваротам плячэй.

Людзі з пахавання пачалі разыходзіцца, па адным і групамі пакідаючы магілу, засталося некалькі чалавек, можа, самых блізкіх нябожчыку, і сярод іх той самы адстаўны падпалкоўнік, якога ён убачыў здаля. Спатнелы, не зважаючы на засень, у цёмным пінжаку з многімі радамі ордэнскіх планак на грудзях, ён і тут па-начальніцку распараджаўся, тупаючы каля магілы.