Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 279

Васіль Быкаў

— А які ж чулы быў…

— Заслужаны быў, усю вайну прайшоў…

— Не ганарысты, не… Мяккую душу меў…

— Царства яму нябеснае, — выдыхнуў немалады жаночы голас, і Агееў пашукаў вачыма, каб знайсці каго-небудзь знаёмага, лепш бы, вядома, Сямёна. Ужо ён павінен тут быць. Мяркуючы па ўсім, хавалі чалавека сталых гадоў, можа, якога адстаўніка ці настаўніка-пенсіянера — на пахаванне кіраўніка раённага звяна гэта было мала падобна — не той маштаб, не такі характар гаворкі.

Трохі не дайшоўшы да магілы, Агееў спыніўся — два мужчыны ўжо апускалі на вяроўках труну ў вузкую шчыліну магілы, здушана заплакала жынчына ў цёмнай касынцы, астатнія стаялі моўчкі, з панылай засяроджанасцю на немаладых, аднолькава журботных тварах. Ён не стаў падыходзіць бліжэй, пазіраючы збоку, і да яго не падышоў ніхто. Знаёмых тут не было відаць, ні Сямёна, ні нават таго падпалкоўніка, якога ён згледзеў з-за агароджы. Раптам усе ў гэтым натоўпе заварушыліся, па адным і па два пачалі кідаць жменькі зямлі ў магілу, і Агееву прыпомнілася такая вось сцэна на могілках у яго даўнім маленстве, як хавалі цётку. Тады гэта было ўвосень, парой лістападу, усе магілы і чорныя помнікі гарадскіх могілак былі ўсыпаны чырвона-жоўтым разлапістым лісцем клёнаў, цётчын твар у белых карунках прыгожа вылучаўся васковай схуднеласцю ў чорнай труне, і было падобна, што цётка толькі прылегла і ўсё чуе, што адбываецца навокал. Нябожчыца ўсё жыццё пражыла ў горадзе, ён яе бачыў усяго разы два да таго і цяпер вось бачыў у труне. Тады яму было ўсяго гадоў пяць, і ён упершыню прысутнічаў на такой важнай падзеі, як пахаванне, дзе ўсё здавалася такім страхавіта цікавым і значным. Толькі калі цётку накрылі ў труне чорным векам і пачалі забіваць па краях даўгімі цвікамі, ён раптам заплакаў, спалохаўшыся, што цётка цяпер не вылезе з забітай труны. Маці, што трымала яго за руку, скаланулася і таксама заплакала, пакуль астатнія, як вось зараз, не пачалі кідаць жмені зямлі ў магілу. Тады яна пацягнула яго за руку — ён таксама павінен быў кінуць свае тры жменькі — каб не хварэць і жыць доўга, як цётка Вольга. Тое пахаванне было для яго першай і самай памятнай падзеяй у раннім дзяцінстве; пасля ён і хварэў, і ваяваў, сам забіваў ворагаў і яго хацелі забіць, і вось ён стаў дзедам. Колькі разоў даводзілася яму хаваць ці ўдзельнічаць у пахаванні, але заўжды ў апошні момант ён стараўся кінуць у магілу тры свае жменькі зямлі — так моцна ўвайшоў у яго свядомасць гэты старажытны звычай, які валодаў нейкаю незразумелай чароўнаю сілай.