Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 278

Васіль Быкаў

— Ну, што скажаш? — урачыста пытаўся сын, памахваючы перад бацькам свежанькім ордэрам.

— Далёка пойдзеш! — са злым захапленнем сказаў бацька.

— Цудоўна! Калі б не так подла, — кінула нявестка.

— Ну вы даёце! — здзівіўся Аркадзь. — Я вас не пайму.

Мяркуючы па ўсім, ён і сапраўды не зразумеў нічога, і Агееў-бацька не стаў тлумачыць, тым больш што маці тут жа атэставала яго з уласцівай ёй лаканічнай катэгарычнасцю: «Дурань!» Ён толькі прыпамятаў недзе пачуты ім каламбур на кватэрную тэму: «Партызаны хай пачакаюць, яшчэ партызанскія дзеці не ўсе забяспечаны».

…Агееў нетаропка працаваў у кар’еры, акуратна сачыў за часам і роўна праз сорак пяць хвілін даваў сабе адпачынак. Тры чвэрці гадзіны мернай, без асаблівага напружання працы і пятнаццаць хвілін адпачынку, якія ён скарыстоўваў тут жа, прысеўшы на кінуты кружок фанеркі — сядзенне ад старога крэсла. У небе плылі разрозненыя кучавыя аблокі, часам закрываючы гарачае сонца, і голы абрыў насупраць то нікнуў у цяні, то ярка і горача ззяў сваім вымытым, гліністым бокам. Агееў працаваў усё ў тым жа сінім трыко, якое дужа аблезла за лета. Было душна, грудзі і плечы надта пацелі, хацелася піць, але да перапынку ён наважыўся ўстрымацца ад вады, каб не перагружаць сэрца. У поўдзень смага пабольшала, і ён рашыў даць сабе перапынак на абед, а галоўнае, прынесці свежай вады і напіцца. Тая, што заставалася ў бітончыку ля палаткі, мабыць, ужо нагрэлася і гадзілася хіба што памыцца.

Уваткнуўшы ў зямлю рыдлёўку, ён выйшаў з кар’ера, і ягоную ўвагу чымсьці прыцягнулі могілкі. Паміж чорных каравых камлёў дрэў, драўляных і металічных надмагільных крыжоў, да паловы схаваных ад пагляду каменнай агароджай, у зеляніне бухматага кустоўя мільганулі непакрытыя галовы людзей, цёмныя хусцінкі некалькіх жанчын, хтось прайшоў з букетам кветак, чуліся нягучныя галасы — там кагосьці хавалі. Могілкі былі старыя і здаваліся Агееву даўно закінутымі, за лета ён ні разу не схадзіў за сцяну-агароджу і думаў, што там ужо і не хаваюць. Аднак вось хавалі. Падышоўшы да агароджы, ён з цікаўнасцю зазірнуў у іх глыбіню — невялікая кучка пажылых людзей сабралася ля свежавыкапанай магілы, труны, аднак, там не было відаць, наогул там няшмат чаго было відаць адсюль, могілкі надта зараслі кустоўем. Недзе ў купцы людзей, аднак, мільганула знаёмая постаць — адстаўнога падпалкоўніка, які нядаўна пісаў на яго акт, і Агееў адразу, неяк без дай прычыны падумаў: хаваюць ветэрана.

Палатка яго хаця і стаяла наводшыбе, але была навідавоку; ён спаласнуў рот цёплай вадой з бітончыка, паліў на рукі і падумаў, што ў такую хвіліну заставацца тут будзе няёмка, мабыць, трэба схадзіць на пахаванне. Нетаропка, адольваючы стому, пераадзеўся ў непрасаваную, але трохі чысцейшую кашулю ў дробную клетачку і пайшоў уніз на дарогу. Цераз пралом у каменнай агароджы, затулены з дарогі дзядоўнікам і крапівой, на могілкі прашмыгнулі знаёмыя яго хлапчукі Шурка з Артурам, ён хацеў іх гукнуць, каб запытацца, каго хаваюць, але не паспеў. Праз высокі арачны праём увайшоў у густы прахалодны цень ад старых вязаў, якія зусім самкнуліся ў вышыні, дарожкай прайшоў да блізкае павароткі паміж магіл. Самотная кучка людзей цесна стоўпілася каля свежага землянога насыпу, мабыць, ужо ў апошнія хвіліны развітання, данесліся асобныя галасы, апошнія словы пахвалы нябожчыку: