Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 277

Васіль Быкаў

Нябожчыца-маці вінаваціла ва ўсім нявестку, другі бок дружна бэсціў сына, Агееў жа звычайна маўчаў. Ён ужо ведаў, што здольнасць да самаадданага кахання ці дружбы — не частая якасць у людзей, што яна рэдка выяўляецца ў выпадковых ці пэўных камбінацыях, што тут трэба абавязковыя даныя, якімі ў гэтай гісторыі не валодалі ні бацькі, ні іх дзеці. З самага пачатку іхняга сямейнага жыцця Агееў адчуў, што надта яны розныя ў іх духоўнай аснове, з чаго, аднак, зусім не вынікала нічога. Гэтая іх рознасць магла стаць асновай гармоніі, але магла быць і асновай разладу, чым нарэшце і стала. Таксама як і аднолькавасць у пэўных выпадках прыводзіць да краху. Сын валодаў выразна пастаўленым інстынктам мэты, мабыць, занадта сучасным інстынктам, які, аднак, быў трохі чужы «абкатанаму жыццём» Агееву-бацьку, але які той увогуле не мог не цаніць у людзях. Аркадзь з малых гадоў ведаў, што яму трэба, і заўжды ўпарта ішоў да ажыццяўлення свайго імкнення, што наогул было і някепска, калі б не адна асаблівасць — ён меркаваў, што ягонаму руху да мэты павінны спрыяць усе астатнія, тым больш родзічы, жонка, бацькі. Быстравокая худышка Светачка, таксама адзінае дзіця ў бацькоў, была надзелена ад прыроды надта развітым пачуццём годнасці і нікому не даравала крыўды — міжвольнай ці тым больш знарочыстай. Кожная мэта для яе была другараднай у параўнанні са сродкамі, якія азначалі для гэтай дзяўчыны ўсё.

Першае іх непаразуменне, непрыметная спярша шчылінка, якая неўзабаве з грукатам расшчапіла небасхіл іхняга кахання, здарылася на вачах у Агеева і ўжо тады непрыемна ўразіла яго.

Пасля вяселля маладыя нейкі час жылі ў сям’і палкоўніка, які меў больш-менш неблагую кватэру на тры пакоі, у адным з якіх мясцілася старая бабуля, істота бесславесная, як і бяскрыўдная. Аднак бабуля не спадабалася Аркадзю, які неўзабаве пасля нараджэння сына перавёз жонку на кватэру да бацькі. Тут стала цеснавата; зноў жа, кватэра ўсімі вокнамі выходзіла на ажыўленую вуліцу, форткі заўсёды былі зачынены, і вельмі хутка ўсе зразумелі, што такое жыццё не прынясе радасці. Агееў яшчэ працаваў на паўстаўкі, чытаў у інстытуце лекцыі, і вось маці з сынам пачалі заводзіць гаворку пра тое, што трэба паклапаціцца аб пашырэнні жылплошчы — перагаварыць на рабоце, сустрэцца з некаторымі гарадскімі начальнікамі, з якімі былі старыя сувязі. Настаў жахлівы для Агеева-бацькі час, пачуццё абавязку прыгнятала яго, але ўсё было вышэй за яго магчымасці — не хапала ні настойлівасці, ні ўмельства, ні проста чалавечага шацунку. Ды і было сорамна — столькі яшчэ супрацоўнікаў у інстытуце мелі патрэбу хоць у якім-небудзь жыллі, а ў яго была ўтульная, хоць і невялікая кватэра ў цэнтры, якая яшчэ гадоў дзесяць назад лічылася амаль раскошай. А галоўнае, ён так і не мог зразумець, якія мае перавагі перад іншымі, асабліва перад зусім бескватэрнымі, каб хадайнічаць пра сябе, аббягаючы астатніх?

Калі стала зразумела, што справа палепшання жыллёвых умоў дацэнта Агеева зацягвалася на няпэўны час, за яе ўзяўся Аркадзь. І пачаў ён не з сядзення ў прыёмных начальства, якое прымала раз ці два ў месяц, ветліва слухала наведвальніка, але прыктычна нічога не рабіла для яго просьбы, а са збору розных папер, дакументаў, абследаванняў, характарыстык, пісьмаў-адносін адміністрацыі і грамадсках арганізацый. На здзіўленне бацькі, нарэшце ён атрымаў ордэр на маленькую, але вясёлую кватэру ў новым квартале Зялёнага Луга. Калі ж бацька пацікавіўся, на якой падставе, аказалася: па-першае, як малады спецыяліст, а па-другое, як член сям’і ветэрана і падпольшчыка, што ледзьве не быў расстраляны ў гады акупацыі.