Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 276

Васіль Быкаў

Ён працаваў без імпэту, не спяшаючыся, імкнучыся браць неглыбока — на паўштыка, не болей, і кідаў недалёка, сочачы позіркам за кожным камяком вільготнага, яшчэ не прасохлага суглінку. Нічога, аднак, яму не траплялася — відаць па ўсім, гэты куток кар’ера быў менш за іншыя асвойтаны людзьмі — на паверхні і ў глыбіні ўсюды ляжаў некрануты, дзікі суглінак. Агееў думаў пра сына, які цяпер каціў дзесь па новай, нядаўна пракладзенай бетонцы на Мінск. Канечне, у сына хапала ўласных клопатаў і сваіх няпростых праблем, ці варта крыўдаваць на недахоп увагі або ветлівасці — у кожнага свой нораў і свой чалавечы лёс. Бацькам нярэдка здаецца, што дзеці недадаюць ім, што ім як старэйшым у родзе належаць нейкія правы ў адносінах да малодшых, якіх яны нарадзілі, выхавалі, выпусцілі ў вялікі складаны свет і таму могуць разлічваць на ўдзячнасць, што рэдка маюць у жыцці. Але па спрадвечных законах жыцця ўвесь дынамізм дзяцей скіраваны ў будучыню, туды, дзе пралягае іх нязведаны шлях, і бацькам на гэтым шляху месца ўжо няма, ён цалкам заняты ўнукамі. Што ж, усё правільна, усё ў поўнай адпаведнасці з законамі жыцця і жывой прыроды, але чаму чалавечая натура так неахвотна мірыцца з такой відавочнай данасцю? Уся яе духоўная сутнасць бунтуе супраць гэтай завядзёнкі прыроды, чаму тут такая дысгармонія — таксама ад прыроды?

Хіба таму, што мы — людзі. У жывёлы ўсё прасцей і больш гарманічна.

Незразумелая, складаная, супярэчлівая істота — чалавек!

Сын ажаніўся з харошай, любімай дзяўчынай з суседняга дома, калі тая стала студэнткай — жывой, мілавіднай, выхаванай дзяўчынкай, якая падабалася ўсім без выключэння — і родзічам, і суседзям. Жаніховы бацькі прыглядаліся да яе яшчэ з таго даўняга часу, калі яна сярод іншай дваровай дзятвы гуляла пад грыбком у пясочніцы, і яшчэ больш — калі вырасла ў бойкую, спрытную дзяўчынку, якая з заўсёднай мілай ветлівасцю на тварыку віталася з дарослымі і лёгка праскоквала насустрач у цесным пад’ездзе. Сын таксама любіў яе, гатовы быў на ўсё дзеля яе, пасля ў іх паявілася малое, што зусім ужо аб’яднала ў адно дзве ўвогуле малазнаёмыя да таго сям’і. Агееў нечакана лёгка сышоўся з яе бацькам, палкоўнікам у адстаўцы, былым ваенным лётчыкам, з якім яны ўвечары любілі гуляць у шахматы. Свацці таксама знайшлі адна ў адной сардэчных і адданых сябровак з безліччу агульнага ў характарах; суседзі, не перастаючы любавацца знойдзеным на схоне гадоў сямейным саюзам, нават нібы раўніва адасобіліся ад іх. Але вось мінуў год ці болей, і ўсё рассыпалася дашчэнту, ператварыўшыся ў поўную сваю процілегласць, і тады яны з недаўменнем убачалі, як шмат у гэтых іх адносінах трымалася на ўзаемным пачуцці двух юных сэрцаў, са знікненнем якога разбурылася і ўсё астатняе. Мабыць, занадта шмат нагрузілі яны на эфемерныя крылы гэтага кахання людзей, якія, можа, былі і някепскія паасобку, але так і не сталі сям’ёй. І хто вінават? Тых, хто пацярпелі, шмат, вінаватага ж не знайшлося нікога.