Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 275

Васіль Быкаў

— Што — холадна? — запытаўся ён.

— Холадна, — ціхенька адказала яна.

— А ватоўка?

— Мокрая…

Агееў паляжаў трохі, у думках злым словам памінаючы гэтую дзяўчыну, і нарэшце падняўся на тапчане.

— Ану, ідзі сюды!

— Не, не, — спалохана азвалася яна з цемры.

— Ідзі во на тапчан, пад кажушок сагрэешся… Ну!! Хуценька…

— Не, не…

— Прасіць цябе трэба, у канцы канцоў? — раззлаваўся Агееў.

Рашуча ўстаўшы з тапчана, ён намацаў у цемры яе плячо і, схапіўшы за руку, падняў з сена.

— Кладзіся там. Я — на сене.

Яна пакорліва сцішылася на тапчане, і ён накінуў на яе кажушок. Сам падумаўшы, узяў пласт зляжалага сена, падлез пад яго, пасля закапаў у сена ногі. Тут ён хутка стаў грэцца і, калі побач сціхла шархаценне сена, запытаўся ў Марыі:

— Ну як — сагрэлася?

— Грэюся. Дзякуй табе. Вялікі дзякуй…

— Ладна. Спі. Ранкам падніму. Удзень тут заставацца нельга.

— Добра. Я ўстану. Ты прабач мяне, Алег.

— Ладна ўжо… Прабачу.

Раздзел пяты

Праз два-тры дні пасля ліўню зямля ў кар’еры падсохла. Лужыны яшчэ заставаліся на сваіх месцах, але вады ў іх прыкметна паменшала, на гліністых берагах засталіся крывулястыя паралельныя рысы — сутачныя адмеціны ўзроўняў. Дажджу больш не было, стаяла сухое і ветранае надвор’е, аднак на поўнае высыханне лужын можна было разлічваць хіба ў канцы месяца, што было, вядома, занадта. Агееў не мог затрымлівацца тут да канца лета, хаця пачуванне яго пасля сынавага прыезду патроху выраўнялася — усё ж, мабыць, імпартныя таблеткі яму памаглі. Наступным днём, праводзіўшы Аркадзя, ён нядоўга пасядзеў на абрыве і спусціўся ў кар’ер — трэба было неяк скапаць гэты чортаў абвал.

Канечне, у душы ён разлічваў на дапамогу сына, мабыць, для таго і выклікаў яго тэлеграмай, але ў той вечар так яму і не сказаў нічога: думаў, здагадаецца сам. Аднак сын не здагадаўся, раніцай адразу ж пачаў збірацца ў дарогу. Размова ў іх не клеілася, і хоць Агееў за лета нямала перадумаў пра сына і збіраўся пра што-колечы з ім пагутарыць, цяпер таксама не знаходзіў ні слоў, ні патрэбнага для таго настрою. І калі ён усё ж сказаў Аркадзю, што аднаму труднавата ў кар’еры, той, крута павярнуўшыся ад узнятага капота, кінуў:

— Вось што! Хопіць! Збірайся, паедзем!

У яго штосьці не ладзілася з рухавіком, зранку сын злаваўся, і ўсё ж Агееў сказаў, што не можа ўсё кінуць пасля таго, як перакапаў тут гару зямлі і засталася дробязь. Удвух бы яны за пару дзён усё скончылі. Сын з прыкрасцю сказаў, усё калупаючыся пад капотам:

— Знаеш, я не землякоп, я — электроншчык. Хочаш, дамоўлюся ў райкоме, прыгоняць бульдозер. За паўгадзіны ўсё раскапае.

— Мне не трэба бульдозер.

Больш пра кар’ер яны не размаўлялі. Пускаючы дым з глушыцеля, машына паўгадзіны трэслася ад вялікіх абаротаў рухавіка — сын рэгуляваў карбюратар. Пасля было няёмкае, паспешнае развітанне, ляснулі дзверцы, і чырвоны «жыгуль», апісаўшы па роснай траве даўгую дугу, пакаціў на дарогу. Агееў пайшоў да кар’ера.