Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 274

Васіль Быкаў

Агееў доўга не мог заснуць, занепакоены блытанымі паваротамі свайго лёсу, пошумам начной непагадзі, няспыннымі парывалі ветру. Здаецца, вецер часам мяняў накірунак і пачаў ужо бубніць дажджом на тарцовай сцяне яго застаронка, ля якой было складзена сена. Ён падумаў, што трэба б устаць, адкінуць сена ад сцяны. Але ўставаць не хацелася, так добра і ўтульна было пад кажушком, і ён супакоена думаў: а можа і не залье? Ён ужо збіраўся заснуць, невясёлыя яго думкі пачалі блытацца ў галаве, і раптам спалохана прахапіўся — у дзверы пастукалі. Агееў скінуў з сябе кажушок, стук паўтарыўся — нясмелы, ціхенькі стук быццам бы дзіцячай рукі, — і ён, ступіўшы да дзвярэй, ціха запытаў:

— Хто там?

— Гэта я, адчыніце.

Ён здагадаўся адразу, што гэта Марыя, скінуў з прабоя тонкі драцяны кручок.

— Ну, што?.. Асцярожна, тут парог высокі… Што-небудзь здарылася?

Яна перабралася цераз парог і замерла ў цемры, уся дрыжучы ад сцюжы ці, можа, ад спалоху.

— Я баюся…

Голас яе таксама дрыжаў, уся яна, сцяўшыся, стаяла каля парога, не ведаючы, куды ступіць. Агееў зачыніў за ёй дзверы.

— Чаго… баішся?

— Вецер!.. Так вые. У коміне і… Ходзіць нехта… па даху.

— Ходзіць? Па даху?

— Ну, здаецца, ходзіць, — сказада яна, ледзьве не хліпаючы, і ён ціха вылаяўся: «Ну і ну! Здаецца!»

— Калі здаецца, трэба хрысціцца, — сказаў ён раздражнёна, і яна змоўкла.

— Я тут пасяджу… да ранку. Можна? — запыталася яна, памаўчаўшы.

— Што ж, сядзі…

«Дзіўна!» — падумаў Агееў, не пазнаючы дзяўчыну. Быццам гэта была не тая Марыя, якую ён бачыў удзень за абедам на кухні, калі яна храбра адмахвалася ад небяспекі, пра якую папярэджваў ён; якая так ліха адвадзіла Драздзенку, уцякла ад паліцыі. Там яна здавалася такой баявой дзяўчынай, што гэтая яе баявітасць выклікала ў яго страх за яе бяспеку. Тут жа была зусім іншая — азяблая, напалоханая страхам ночы і таго, што… здаецца, хтосьці ходзіць па даху. Звычайныя дзіцячыя страхі… А ён думаў, што яна зусім ужо дарослая і ў чымсь нават мацнейшая за яго.

— Сядай во на парог. Ці во на сена. Сена там. Сухое.

— Дзякуй.

Ён змоўк, услухоўваючыся, як яна ў цемры месцілася на шархоткім сене і неўзабаве сцішылася, быццам яе і не было тут зусім. Знадворку ад дошкі сцяны ўсё біўся дождж, ірваў страху вецер. Агееў пачаў грэцца пад кажушком, як пачуў яе неспакойнае дыханне на сене — мабыць, яна скаланалася ад сцюжы.