Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 273

Васіль Быкаў

— Што ж мы будзем рабіць, Марыя? — запытаўся ён бадай што разгублена. Становішча іх усё ўскладнялася, а выйсця не было па-ранейшаму. Заставалася чакаць, але ж дачакацца можна было і горшага. Патраціць час, прамарудзіць, згубіць апошні свой шанц, калі ўжо цяжка будзе што-небудзь паправіць.

— Не ведаю, — ціха сказала Марыя.

Цепнуўшы худым плечуком, яна прысланілася да падаконніка дахавага акна, сумна паглядзела праз мутнае шкло. Яна, вядома, не ведала. Зрэшты, ён і не чакаў ад яе іншага адказу, выдатна разумеючы, што ў такой справе павінен шукаць выйсця сам — як старэйшы, больш вопытны і, напэўна, з большымі ў гэтым сэнсе магчымасцямі. Але бяда ў тым, што ён таксама не ведаў.

— Ладна, пабачым. Толькі сядзі тут, нікуды не вытыркайся. Калі што, я буду ўнізе.

— Там, у хлеўчуку?

Яна імкліва падалася да яго, твар яе ўспыхнуў і апанурыўся, боль і пакуты адбіліся ў яе светлых вачах.

— Ага, у застаронку. Трэба працаваць. Зарабляць… Вось накінь, каб не зябнуць…

Агееў аддаў ёй ватоўку, ціха спусціўся па драбіне на кухню, прыслухаўся. Бараноўскай усё не было, і ніякіх вестак ад яе — таксама. Мабыць, з гаспадыняй у хаце яму было б лепш, асабліва цяпер, калі тут паявілася Марыя. Але во гаспадыня спатрэбілася і гэтым, што ўжо само па сабе выклікала трывогу — навошта?

Надвячоркам і без таго моцны вецер і яшчэ памацнеў, кляновае голле пад дахам, нібы ахопленае роспаччу, кідалася з боку ў бок, магутнае дрэва гуло і стагнала, здавалася, ледзьве вытрымліваючы азвярэлы напор ветру. Агееў прыйшоў у свой застаронак, які, на шчасце, быў з другога боку ад ветру і трохі хаваў у сабе зацішак. Трэба было брацца за абутак з меха — не сёння, дык заўтра па яго прыйдуць — Кіслякоў ці яшчэ хто, трэба ўсё прывесці да ладу. Можа, за гэты час што-небудзь перакруціцца ў лепшы бок ці хоць бы праясніцца, думаў ён. Таму што ўсё ўжо так зацягвалася мёртвым вузлом, што як бы не давялося рваць яго па жывому, з мясам-крывёю. А то і паплаціцца жыццём…

Да самага вечара, пакуль было відна, ён стукаў малатком па скураных і гумовых падэшвах кірзачоў, чаравікаў, нямецкіх нашпігованых жалезнымі шыпамі ботаў. Усё зрабіць не паспеў. Засталося яшчэ дзве пары, калі наплыў змрок і за дзіравай сцяной застаронка паліў дождж. Агееў думаў схадзіць у хату, каб наведаць Марыю, але ў такі лівень яму не было ў чым высунуцца з хлява, каб не прамокнуць дашчэнту. І ён, пасядзеўшы на табурэтцы і расслаблена выцягнуўшы хворую нагу, перабраўся пад кажушок на тапчан.

Над сядзібай між тым лютавала восеньская непагадзь, з неба ліліся патокі дажджу, якія пагражалі здзерці страху з яго несамавітай будыніны. Але дождж ліў ужо больш за гадзіну, а ў застаронку было суха, нават, здаецца, нідзе не капала. І ён так утульна прыгрэўся пад свойскім цяплом кажушка, што падумаў: у хату сёння не пойдзе, хай ужо Марыя як-небудзь уладзіцца там сама. Слава богу, не беларучка, умее дастасавацца да абставін, можа, нават не горш, чым гэта зрабіў бы ён сам. З паўвядра бульбы напякла такіх дранікаў, што ён быў сыты да вечара і толькі цяпер, прыпамятаўшы пра абед, праглынуў слінкі. Дзяўчына спрытная, ладная і, здаецца, занадта шчырая, што ў такі час як бы не пагубіла яе. Не спалохалася вось жывадзёра Драздзенку, адшыла паліцыю і прыбегла да яго. Але чаму да яго? Ці ён спадабаўся ёй напачатку, ці яна ўбачыла ў ім кагосьці, хто выклікаў давер, а можа, і даваў спадзяванак на апору? Але што яна ведала пра яго? І што скажа Кіслякоў ці, яшчэ лепш, Волкаў, калі даведаюцца, што разам з ім жыве тут нейкае дзяўчо з Мінска? Адна справа, калі тут была гаспадыня, няхай пападдзя, але чалавек, якога яны ведалі многа гадоў, і зусім іншая, калі з’явілася гэтая нікому не вядомая студэнтка. А можа, яна падасланая? Завярбована і падаслана? Не, гэтага не можа быць. У такім выпадку ўсё, мабыць, адбывалася б хітрэй, болей лагічна, ці што. А то вельмі ўжо атрымалася наіўна, дзёрзка і неразумна нават.