Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 269

Васіль Быкаў

— Анічога не скажа! — лёгка кінула Марыя, таксама сядаючы за стол насупраць. — У мяне з цёткай Бараноўскай лады. Яна слаўная жанчына.

— Пападдзя, — жартам сказаў Агееў.

— Ну і што ж! — акругліла Марыя жвавыя вочы. — Ну і што ж, што пападдзя? Пападдзя па мужу, а так яна народная настаўніца. Дарэчы, як і мой бацька.

— А ён што, таксама настаўнічаў?

— Некалі. Даўно. Да таго, як стаў працаваць у акадэміі.

— Акадэмік, значыць?

— Не, не акадэмік. Проста навуковы супрацоўнік, — сказала Марыя і, уздыхнуўшы, загаварыла аб іншым. — Дзе цяпер мая бедная мамачка? Загінула, напэўна.

— Усё можа быць, — сказаў ён. — А бацька што — на фронце?

— Бацькі ўжо няма жывога.

— Памёр?

— Напэўна. У трыццаць сёмым.

Яны ненадоўга змоўклі. Агееў еў хутка, па-салдацку, болей працуючы відэльцам, чым нажом. Дранікі сапраўды былі смакатой. Ён бы з’еў і яшчэ столькі і не ведаў, як быць, калі яна паклала ў яго талерку яшчэ два ў дадатак.

— Не, не! — сказаў ён. — Я ўжо.

— Так і ўжо? З’ешце яшчэ два.

— Ну добра. Дарэчы, будзем на «ты». Згодна?

— Ну, ведаеце… Я неяк не прывыкла. Скажыце лепш, як ваша імя? Калі не ваенная тайна?

Агееў старанна дажаваў дранік, думаючы, як усё ж назвацца Марыі. Напэўна, трэба было ёй штось растлумачыць, але не цяпер жа тлумачыць, і, падумаўшы, ён сказаў:

— Алег.

— Алег? Добрае імя. К хазарам собрался наш вещий Олег, — прадэкламавала яна і ўсміхнулася, пачырванеўшы поўненькімі, з ямачкамі, шчочкамі. Ад яго не схавалася гэтая яе кароценькая збянтэжанасць, і ён раптам нечакана для сябе запытаўся:

— А колькі табе гадоў, Марыя?

— О, многа! — махнула яна рукой і ўскочыла ад стала. — Ужо дваццаць адзін. Старая.

— Да, — сказаў ён. — Дзяўчынка. На шэсць гадоў маладзейшая за мяне.

— Праўда? Гэта вы такі стары?

— Такі стары.

Штосьці лёгкае і дураслівае гатова было ўвайсці ў іх адносіны, калі на пэўны час забываецца рэальнасць і даецца воля ўласцівым іхняму ўзросту звычайным чалавечым пачуццям. Але толькі было гатова, ды не ўвайшло. Агееў змусіў сябе вярнуцца з неба на зямлю — страшную зямлю вайны, на якой іх пільнавала нялёгкае і трэба было ўвесь час сцерагчыся горшага. Тут ужо не да гуляў з гэтай мілай, але ўвогуле, мабыць, даволі бесклапотнай дзяўчынай.

— А вы ўсё рамантуеце? — запытала яна, таропка прыбіраючы посуд.

— Ты, — паправіў ён.

— Ну, так. Ты.

— Рамантую.

— Там многа нанеслі. Багатым будзеце.

— Будзеш.

— Ну, будзеш.

— Багатым не буду, — сказаў ён. — Таму што бясплатна.

— А вы што — сапраўды…

— Ты, — паправіў ён.

— Ты сапраўды шавец?

— У сілу неабходнасці.

— Я так і думала. Камандзір, напэўна? — сказала яна і, прыслухоўваючыся да чагось на двары, што зусім не пачуў ён, заціхла ля расчыненых дзверцаў буфета.

— Што такое?

— Быццам… Ходзіць нехта…

Агееў скочыў ад стала, кіўнуў ёй, і яна, усё зразумеўшы без слоў, кінулася ў кладоўку. Сам ён адшчапіў кручок і нетаропка выйшаў на двор.

На двары, аднак, нідзе не было нікога, толькі шумеў у кляновым голлі напорны вецер; жардзіна, якой ён перагарадзіў уваход у двор, была на сваім месцы. Ён зірнуў цераз яе на вуліцу, але там было пуста, ля паркана насупраць спакойна хадзілі па траве дзве белыя курыцы. Агееў, кульгаючы, вярнуўся на двор і раптам згледзеў у гародзе пад яблыняй чалавека ў чорным паношаным пінжаку. Нагінаючы галаву ад нізкіх сукоў і прытрымліваючы рукой капялюш, той нетаропка выбраўся на двор, надкусіў яблык. Убачыўшы Агеева, салодка заўсміхаўся абвялым зморшчаным тварам.