Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 270

Васіль Быкаў

— А я вось, ведаеце, спакусіўся яблычкам. Яно грэх, канечне, але яблык, ведаеце, грэх не вялікі. Упаўне даравальны, пан Бараноўскі, — лёгка загаварыў яго нядаўні знаёмы Кавешка.

Агееў моўчкі глядзеў на дзікаватага госця, не ведаючы, як размаўляць з ім: жартам, сур’ёзна, запрашаць у хату ці затрымаць тут. Непрыемнае адчуванне ўжо авалодала ім, ён зразумеў, што гэты прыход — не па яблыкі, вядома. І ён прысеў на лаўку пад клёнам, зрабіўшы выгляд, што забалела нага. Кавешка, жуючы яблык, спыніўся насупраць.

— Пагутарыць прыйшоў, — сказаў ён проста і кінуў агрызак. — Няхай пан запросіць у дом.

— Зараз, — сказаў Агееў, бавячы час, каб даць магчымасць Марыі схавацца. — Нага, ведаеце…

— А, панятна. Баліць? Канечне, будзе балець. Калі цяжкое раненне…

Яны ўвайшлі на кухню, Агееў пасунуў Кавешку крэсла, сам сеў па той бок насупраць.

— О, тут у вас цеплыня. І пахне! — храшчавым носам Кавешка прагна ўцягнуў у сябе паветра. — Пахне, бы ў харошай кухаркі. Цікава — самі гатуеце?

— Сам, — сказаў Агееў, у душы праклінаючы яго чуйны нюх. Яшчэ палезе шукаць кухарку.

— Гаспадыня не паявілася? — ціхенька запытаў Кавешка і насцярожыўся. Па гэтай яго насцярожанасці Агееў зразумеў, што гаспадыня — не марная яго цікаўнасць.

— Не, яшчэ не, — сказаў Агееў. — А што, вас гаспадыня цікавіць?

— Зусім не. Запытаў проста так. Зусім не цікавіць. Яна ж вам не радзіцельніца? — запытаўся ён і зноў звузіў вострыя вочкі.

— Ну, дапусцім, — сказаў Агееў, раптам прыпамятаўшы сваю першую гутарку з начальнікам паліцыі. Д’ябал іх ведае, як з імі трымацца, з гэтымі служкамі новай улады? Працуюць яны разам ці паасобку? І ў якой меры інфармацыя аднаго даступная другому?..

Кавешка трудна ўздыхнуў, задуменна пастукаў пальцамі па гладкай дошцы стала. Добра, што Марыя паспела прыбраць з яго посуд.

— Бачыце, пан Бараноўскі… — ён трохі памарудзіў, але хутка нешта прыпомніў і працягваў: — Будзем называць вас так. Нам вядома, канечне, што вы не Бараноўскі, але не будзем прыдзірацца. Галоўнае — вы беларусін, і я гэта адчуў адразу…

— Гэта якім чынам? — па-ранейшаму трымаючыся на пэўнай адлегласці ў адносінах, запытаўся Агееў.

— Э, што пытацца. Я, пане, земляка-беларусіна за вярсту чую. Нюхам чую. А вы, выбачайце, хоць і па-расейску гаворыце, але ў кожным вашым слове гучыць беларусін. Старажытная мова, ведаеце, з панскіх часоў, з часоў Вялікага княства. Яе не так проста вынішчыць. Калі расійцы за стагоддзі не вынішчылі…

— А як жа немцы?

— Прабачце — што немцы? Не зразумеў, — адразу наморшчыў абвялы тварык Кавешка.

— Як немцы паставяцца да гэтай мовы?

— Хе-хе, баценька, гэта надта праблематычна, — захіхікаў Кавешка. — Вельмі праблематычна, хе-хе. Але мы выжывем, — раптам цішэй, але са стоеным запалам загаманіў госць. — Мы выжывем. Галоўнае, вынішчыць зло нумар адзін. А пасля…