Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 267

Васіль Быкаў

Ён асцярожна пацягнуў да сябе кухонныя дзверы, але тыя былі запёрты знутры і адчыніліся толькі пасля другога яго рыўка. Перад ім ля парога, сарамліва ўсміхаючыся і трошкі прыўзняўшы запэцканыя чымсь рукі, стаяла Марыя. У пліце весела гарэлі сухія паленцы, на канфорцы штось верашчэла, поўнячы кухню пахамі чагось надзвычай смачнага. Гледзячы на ўсмешысты твар Марыі, Агееў таксама не стрымаў усмешкі, унутрана падзівіўшыся той перамене, якая адбылася ў ёй за час яго нядоўгай адсутнасці.

— А я думаў бульбу варыць, — сказаў ён, зазіраючы на пліту. Марыя таксама падалася да яе, штось перавярнула на скаварадзе, што апантана верашчэла ў тлушчы, неміласэрна дражнячы ягоны нюх.

— Што гэта?

— Дранікі.

Яна зноў кінула на яго ўсмешысты позірк — быццам чакала пахвалы ці дакору.

— Ого! Во гэта гаспадыня! — пахваліў ён. — А я бедаваў, чым буду цябе карміць.

— Пракормімся як-небудзь, — Марыя бесклапотна махнула рукой. — Бульба ёсць?

— Бульба ёсць.

— Ну, дык з голаду не памрэм.

Ён паглядзеў на пліту, на ражку якой ужо стаяла талерка насмажаных дранікаў і бялеў паўлітровы слоік, мабыць, з якімсьці тлушчам.

— А дзе тлушч узяла?

— А ў цёткі ў буфеце. Гусіны.

— Гусіны?

— Гусіны. Для дранікаў пойдзе. Наце паспытайце!

Яна падчапіла відэльцам верхні падсмажаны дранік, падала Агееву.

— Ну як?

— Пытаешся! Смаката! — сказаў ён, згаладнела жуючы хрумсткі, сапраўды надта ўжо смачны дранік. — І дзе ты навучылася?

— Ну, гэта проста. У Беларусі гэта ў кожнай хаце ўмеюць.

— Дык гэта ў вёсцы, — сказаў ён і сеў на крэсла. — А ты ж гараджанка.

— Гараджанка. Але гэтая гараджанка, каб вы ведалі, па два-тры месяцы за год жыла самым цыганскім спосабам. У паездках і паходах па ўсёй Беларусі. — З якой патрэбай?

— За песнямі.

— Якімі песнямі? — не зразумеў Агееў.

— Ну, збіралі фальклор. Бацька мой спецыяліст па фальклоры, усё лета ў экспедыцыях. І я, як падрасла, з ім разам кожнае лета.