Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 268

Васіль Быкаў

— Цікава, — сказаў ён, разважаючы і нібы іншымі вачмі ўзіраючыся ў Марыю.

— Вельмі нават цікава, — пацвердзіла яна. — Столькі песень наслухалася, столькі людзей пабачыла! А прырода… Што і казаць! А вы адкуль родам?

— Ды я здалёку. Расонскі раён, чула?

— А як жа! З Расон мы некалі прывезлі сабачку. Беспародны цюцька, а такі разумны! Разумнейшы за ўсіх сабак, якія ў мяне былі.

— Сабакі гэта добра, — сказаў ён, думаючы, аднак, пра іншае. — Нам бы сюды сабачку. А то прыйдзецца дзверы зачыняць на крук.

Устаўшы, ён закінуў у прабой кручок і ў шчыліну каля фіранкі паглядзеў у акно.

— У выпадку чаго як цябе хаваць будзем?

— А я — на гарышча! — адразу сагнаўшы ўсмешку, сказала Марыя.

— На гарышча? Але там…

— Анічога. Там можна схавацца. А ў выпадку чаго — праз слухавое акно і па даху — на гарод.

— Во як?

Пакуль яна завіхалася ля пліты, Агееў адчыніў дзверы ў кладоўку, зазірнуў угору, дзе цьмяна свіціўся квадратны лаз на гарышча. Па скрыпучай драбіне ён асцярожна ўзлез туды, удыхаючы застаялыя, незразумелага паходжання пахі. На гарышчы было пуста, прасторна і цемнавата; пасярод мясціўся шырокі цагляны комін і ў бакавым схіле даху блішчэла невялікае акенца, з якога і пранікала сюды скупое святло хмарнага дня. У бліжнім канцы каля лаза валяліся розныя транты і ламачча, вісеў на крокве аблезлы стары кажух, пад ім стаяў бляклы, некалі распісаны чырвонымі кветкамі куфар з выдраным унутраным замком. Пад акном на мякіне ляжала сшытая з каляровых кавалкаў ватная коўдра з падушкай — пэўна, пакінуты кімсьці прытулак у гэтым гасцінным доме. Маленькае, заснаванае павуціннем слухавое акенца выходзіла на сярэдзіну ската пачарнелага даху з гонты, унізе пад якім ляжаў парослы асотам бульбоўнік і наводдаль чарнеў стары касабокі плот суседскай сядзібы. У выпадку чаго акно, канечне, было б паратункам, — але хіба што ўначы. Удзень гэты бок хаты быў увесь відаць з вуліцы.

Агееў спусціўся на кухню; пах дранікаў даўно ўжо вабіў яго, і цяпер другі раз ён прыемна здзівіўся. Пасярод круглага кухоннага стала бялела чыстая сурвэтка, на якой высілася ў талерцы цэлая куча гарачых дранікаў. Побач чакалі едакоў дзве невялікія талеркі з сінімі васількамі на беражках, абапал ляжала па пары тоўстых стардаўніх нажоў і відэльцаў. Марыя стаяла да яго спіной ля сцяны і, выціраючы штось ручніком, засяроджана разглядвала пейзаж у жоўтай раме.

— Што, харошая карціна? — запытаў Агееў.

— «Снег» Вайсенгофа — мой любімы пейзаж. У нас у Мінску такі самы вісеў над камодам. Бацькаў падарунак на дзень нараджэння.

Агееў не надта разумеў у жывапісе, яму больш даспадобы была музыка, ён нават некалі вучыўся іграць на гармоніку і цяпер з нечаканай цікавасцю паглядзеў на пейзаж. Зрэшты, нічога асаблівага — балота, стагі сена, куп’ё, асветленыя сонцам, але сапраўды ўсё такое падобнае, нібы жывое, а не намаляванае на паперы.

— І рэпрадукцыя ўдалая, — сказала, прыгледзеўшыся, Марыя. — Некалі любіла зімовыя пейзажы… Ну, ды ладна, давайце за стол, будзем есці.

— Ну і ну! — сказаў Агееў, здзіўлены і азадачаны. — Во гэта гаспадыня! Што толькі скажа нам цётка Бараноўская?