Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 271

Васіль Быкаў

— Як бы нас саміх не вынішчылі, — не стрымаўся Агееў.

— Не, гэтага не можа быць. Гэтага не павінна быць, — пацягнуўся да яго цераз стол Кавешка. — Немцы культурная нацыя. Зноў жа — сіла хрысціянскай традыцыі. Я доўга жыў сярод іх, ведаю. Я вельмі спадзяюся…

— На іх культуру?

— Так, і на іх культуру.

— Культуру забіваць. Жанчын і дзяцей. І клапоцяцца, каб ежу з сабой узялі. На трое сутак! — раптам гнеўна прарвалася ў Агеева, і ён зараз жа пашкадаваў: знайшоў перад кім выкладацца. Але сказанага не вернеш. Ён думаў, што Кавешка раззлуецца і пачне пагражаць, а той раптам зазначыў з папрокам:

— Дык гэта ж яўрэяў. Трэба разумець.

— А яўрэі не людзі?

— Непаўнацэнная раса, — з націскам сказаў Кавешка. — Яно, можа, і не па-хрысціянску, але… Калі разабрацца, яны нам чужынцы. Яны сапсавалі нашу гісторыю. Яны стагоддзямі расслаблялі дух беларусінаў. Не будзем шкадаваць іх…

— Не будзем шкадаваць мы, не пашкадуюць і нас.

— І не трэба. Не трэба, пан Бараноўскі, нікога шкадаваць! Шкадаванне — патрэбна слабым. Гэта хаця і хрысціянскае пачуццё, але, несумненна, з ліку атавістычных. Не трэба шкадавання! Зараз нам трэба сіла і згуртаванасць. Вядома, пад германскімі сцягамі. Фюрар, ён правадыр арыйцаў, а беларусіны напалову арыйцы. Крывічы, напрыклад. Праўда, некаторая частка надта папсута інародцамі, асабліва татарамі і жыдамі. Але мы людзі сціплыя, радыя і таму, што засталося. Ёсць, ёсць здаровае ядро, з якога разаўецца раса. Трэба толькі спадзявацца на сілу.

— На германскую сілу? — іранічна ўдакладніў Агееў.

Кавешка іроніі не прыняў і, здаецца, нібы ўзрадаваўся падказцы.

— Вось іменна — на германскую. Іншае сілы на зямной кулі цяпер, на жаль, не існуе.

— А раптам знойдзецца, — з упартым пачуццём пратэсту сказаў Агееў і зірнуў у бляклыя вочы госця. У глыбіні іх тлеў, аднак, даволі злосны агеньчык, і Агееў сказаў сабе ў думках: хопіць, так можна дастукацца. Напэўна, штосьці зразумеў і госць — можа, сцяміў, што надта далёка зайшоў у сваёй размове з малазнаёмым чалавекам.

— Ну што ж, прыемна, ведаеце, пагутарыць з разумным і… перакананым чалавекам. Цвёрдасць перакананняў, яна заўжды нешта значыць. Нават і памылковых. Цяпер гэта не часта бывае. Вось і гэта… Ваша гаспадыня, значыць… Бараноўская. Яна ж жанчына цвёрдага погляду?

— Не ведаю, — знарок абыякава сказаў Агееў. — Не цікавіўся.

— Не цікавіліся? І дарма. Вось вы пагутарыце як-небудзь.

— Як жа пагутарыш, калі яе няма? Ужо другі тыдзень.

— Гэта кепска. Нам яна таксама патрэбна. Нам яна нават неабходна. Але куды яна прапала? Вам не казала? — запытаў Кавешка і зноў знерухомеў, поўны ўвагі.

— Не, не казала.

— Да, вось дык праблема, — госць зноў задуменна пастукаў па стале худымі косткамі пальцаў. — Ведаеце што? Яна павінна азвацца. Не можа таго быць, каб не азвалася. Так што вы неадкладна паведаміце.

— Гэта куды? — запытаў Агееў. — Ва ўправу ці ў паліцыю?