Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6» онлайн - страница 266

Васіль Быкаў

— Пахом! Калі яго стрэльнулі?

— Ды цямнела ўжо, начальнік.

— Ну ў колькі, прымерна, гадзін?

— Гадзін, можа, у дзевяць.

— Значыць, ён толькі яшчэ ішоў, — спакойней паведаміў Драздзенка. — Ішоў да сяброў на сувязь, ды напароўся. Бараноўскай што — яшчэ няма? — раптам запытаўся ён у Агеева. Агееў збянтэжыўся ад здзіўлення, што гэтаму ўжо вядома і пра Бараноўскую.

— Не, яшчэ не прыходзіла, — сказаў ён проста, нібы Бараноўская выйшла куды на гарод ці па ваду. Драздзенка моўчкі, нібы ў роздуме, прайшоў пяць крокаў па двары, зазірнуў у акно на кухню. У Агеева ёкнула сэрца — хоць бы не згледзеў Марыю. Але ад акна той спакойна павярнуў назад.

— Вось што, начбой! Прыйдзе — зараз жа паведамі мне! Зараз жа! Паняў?

Агееў паморшчыўся. Гэтае заданне нібы памыямі пляснула на яго, і, мабыць, ён не здолеў утаіць сваіх да таго адносін, што тут жа прыкмеціў Драздзенка.

— Што моршчышся? Я ж во не моршчуся! А мне не з такім г… трэба вазіцца. А то — чысцюля, моршчыцца! Паймей на ўвазе: станеш хітрыць — закачаешся на вяроўчыне. Паняў?

Агееў, аднак, дрэнна слухаў яго, ён толькі напружана сачыў за кожным крокам начальніка і дужа баяўся, каб той зноў не скіраваў да дзвярэй. Але быццам бы прамінула — начальнік паліцыі злосна ляснуў сябе дубчыкам па халяве і пайшоў на вуліцу. За ім паспяшаліся паліцаі. Агееў моўчкі праводзіў іх да альтанкі і, калі яны схаваліся за павароткай вуліцы, хуткім крокам, амаль подбегам, накіраваўся на кухню.

— Марыя, Марыя! — ціха паклікаў ён, прычыніўшы кухонныя дзверы.

Аднак на кухні Марыі не было, не было яе і ў святліцы, куды ён зазірнуў з парога. Тады ён расчыніў рыпучыя дзверы ў кладоўку, з цёмнай цеснаты якой аднекуль пачулася ціхае: «Я тут».

Марыя сядзела ўгары на драбіне, прыстаўленай да чорнага лазу на гарышча, і дробна калацілася ад страху і напружання. Ён шапнуў ёй: «Не бойся, яны пайшлі», — і апусціўся на запылены ўслон пад сцяной. У самога падкошваліся ногі — ад перажытага, але болей, мабыць, ад радасці, што на гэты раз абышлося.

Надвор’е яўна пачало псавацца. Пасля спякотнага лета павярнула на сцюжу — неба спрэс пакрылі ціжкія шызыя хмары, якія аднекуль з паўночнага захаду несліся над мястэчкам. Дзьмуў імклівы сцюдзёны вецер, бязлітасна рваў яшчэ зялёнае лісце з дрэў, мёў яго па зямлі, па траве, пад платы, у пажухлы, абвялы бульбоўнік. Увесь дзень было холадна і няўтульна, у хлявах гудзела ад скразнякоў; здавалася, вось-вось палье дождж. Заняты рамонтам абутку, Агееў амаль скалеў за некалькі гадзін, што прасядзеў у застаронку, устаў, надзеў у рукавы ватоўку. Яшчэ з раніцы ён пазатыкаў шырокія шчыліны ў сценах, дробныя ж усе засталіся, і дашчаныя сцены па-ранейшаму свяціліся, бы рэшата. У яго не было гадзінніка, але час, мабыць, пераваліў за поўдзень, і захацелася есці. Увесь ранак, седзячы за рамонтам, ён не пераставаў думаць пра Марыю і не мог даўмецца, як яму быць. Добра, што ёй пашэнціла ашукаць паліцыю і ўцячы ад сястры, але калі паліцыя што западозрыць, дык і на гэтай сядзібе не сховы. Яна перавярне ўсё дагары нагамі і знойдзе, што трэба. Хіба што ў паліцыі былі справы больш пільныя, але раптам Драздзенка зацікавіцца Марыяй і нападзе на яе след? Дзе яму схаваць дзяўчыну? Зноў жа, як быць з харчаваннем, чым ён пракорміць яе, калі Бараноўская доўга не вернецца? Мабыць, прыйдзецца ўзяцца за рамонт абутку для местачкоўцаў, гэта дасць нейкі кавалак хлеба, але ён яшчэ не адрамантаваў прывезены з лесу, які, напэўна ж, быў там патрэбны. І ён дбаў, спяшаўся, хаця за паўдня давёў да ладу толькі тры боты — як-колечы падбіў падэшвы, адзін абцас, наклаў лапік на падраную галоўку кірзача. Больш ён не паспеў. І без таго ламіла ў паясніцы і ныла параненая нага — ад клуба да калена. Падумаўшы, што трэба, мабыць, згатаваць што-небудзь на абед, ён кінуў пад тапчан боты, інструмент і пайшоў на кухню. Бульба ў яго была накапана, заставалася зварыць, — во і ўвесь іх абед. Праўда, яшчэ трэба было пашукаць у зжаўцелым агурэчніку, дзе сярод пераспелых насеннікаў прапляліся маленькія скручаныя гурочкі. Некаторыя з іх былі бязбожна горкія, але, пасаліўшы, ён усё роўна іх еў з бульбай. Добра, што соль яшчэ не звялася, у буфеце на кухні стаяў яе двухлітровы слоік. Солі павінна яму хапіць.