Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
— Ды пад Кандагарам было. Ехалі на маршы з батальёнам Краўцова, толькі калона ўцягнулася ў «зялёнку», ну духі і пачалі лупіць. Пярэдні БТР адразу палыхнуў, загарэўся, хлопцы, бы гарох, — у канавы. А я, ведаеце, сьпярша прамарудзіў, не пасьпеў выскачыць, у трэцім ехаў, а як ачомаўся, зразумеў: позна. Духі смаляць, а ў нас устаноўка «град» стаіць пакінутая, пасьля аказалася, першага нумара забіла, а другі зьбег. Ну, я за ўстаноўку, Аньціпенка таксама падскочыў, стаў памагаць, як урэзалі мы па «зялёнцы», дык тыя духі — хто куды. Ураз выкурылі з зарасьнікаў, яны — у кішлак, канешне, а мы і туды перанесьлі агонь, ды з кулямётаў яшчэ, з зенітак — толькі ад дувалаў пыл хмарай да неба. Пасьля тыдзень немагчыма было праз кішлак праскочыць, так сьмярдзела, хоць процігаз надзявай. Трупы людзей ды скаціны…
— Во, дык і мы ж, гэта самае, — у працяг сынавай размовы загаварыў зап’янелы бацька. — У партызанку. Ляжым у Гразкім балоце ў засадзе, ляжым і ляжым, нікога на дарозе няма, толькі камары гудуць. Аж глядзім: едуць нямецка-фашысцкія захопнікі на фурманках. На пярэдняй немец гармонік у руках трымае, грае ці што? Але, мусіць, ня граў, так ехаў. Ну тут мы і ўрэзалі. Я ці ведаеш, з ручным кулямётам быў, дык як лупану! Тыя — у канавы, а ў канаве таксама кулямёт нарыхтавалі ды — па нас! А мы — па іх! А тым часам ззаду яшчэ калона падышла іхняя, ну на падмогу. Нашыя і драпанулі. А я ж ня ведаў, што драпанулі, ды сяку па іх канаве са свайго «дзегцяра», ну і выбіў. I тады нашыя вярнуліся па адным, камандзір Дзенісенка вярнуў. Ну і за тое мне праз паўгода — ордэн «Чырвонай зоркі», як палагаецца.
— Во героі! У аднэй сям’і бацька і сын! — п’янавата дзівіўся Пятрок.
— А што ж, яе матары! Будзе вайна — зноў пойдзем. Проціў нямецка-фашысцкіх, чачэнскіх, амерыканскіх захопнікаў. НАТА гэтае прэ на ўсход…
Бацька зусім ап’янеў, сын паклаў яго на скамячаны без прасьцінаў ложак, сам выйшаў на падворак падыхаць сьвежым вясковым паветрам. Блытаная гэта справа, вайна, думаў ён, карысьці з яе — гулькін нос. За пралітую кроў — дурацкія льготы. Як у гэтых старых — бясплатны праезд у межах раёна. Куды ўжо ім ехаць, апроч як на могілкі.
З вёскі Ступак прывёз дзясятак пазычаных у суседкі яек, кавалак ёлкага леташняга сала і думаў, у каго раздабыць грошай на хлеб? Зноў давядзецца прасіць у Плешкі, хоць таму ён і так вінаваты тысячаў сто. Але, можа, дасьць і яшчэ. Сядзець увесь час у расчыненых дзьвярах гаражу было сьпякотна і нудна, асабліва ў паўдзён, калі над падворкам навісала пякучае сонца. Ступак тады спрабаваў зачыняцца, але рабілася і яшчэ горш, і ён мусіў замыкаць гараж і куды-небудзь сыходзіць.