Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 5
Васіль Быкаў
Агледзеўшыся і зразумеўшы нарэшце, каго абралі, мужыкі пачалі папракаць адзін аднаго за свой неразумны выбар. З такім жа правам мог папракнуць сябе і Ступак. Ён таксама галасаваў за яго. Але як было не галасаваць ці галасаваць за ягонага суперніка, як некаторыя казалі — нацыяналіста? Той можа, быў і неблагі хлопец, вучоны, але што б ён зрабіў з гэтым задушаным народам які ўмеў толькі піць, лайдачыць і красьці? Які напалову складаўся з камуністаў ды камсамольцаў, а другой паловай абслугоўваў КДБ? А яшчэ той абвясьціў, што ўзаконіць прыватную ўласнасьць ды ўвядзе абавязковай нацыянальную мову, на якую амаль усе забыліся — і ў горадзе, і ў вёсцы. Ступак пачаў ад яе адвыкаць яшчэ ў войску, хоць для яго, вясковага хлопца, авалодаць як сьлед расейскай было нялёгка. Ён доўга ня мог правільна вымавіць шмат якія расейскія словы (тряпка, напрыклад, за што яго так і дражнілі ў роце — «трапка»). Толькі адвучыўся ад вясковага, збольшага загаварыў, як і ўсе ў горадзе, на расейскай, як гэты вучоны-нацыяналіст зьбіраецца ўсіх перавучыць назад, па-вясковаму. Не, на тое Ступак быў нязгодны. Хай ужо вясковыя бацькі дагаворваюць свой век, як умеюць, ён жа застанецца пры гарадской мове. Як начальства. Як усе навакол. Зноў жа мітынговыя пагрозы камуністам, наменклатуршчыкам ды кадэбістам. Якраз перад тым Ступака прынялі ў партыю, зьявіліся нейкія магчымасьці, і ён сьвядома прагаласаваў за міліцыянта, таксама камуніста. Праўда, тады слабенька паспадзяваўшыся, што, можа, таго яшчэ і не выберуць. Ды во выбралі — на сваю галаву.
Недзе на сярэдзіне лета, як яго асабліва дапякла нэндза, удумаў зьезьдзіць на вёску да бацькі. Якраз у той бок ехаў на сваім «Запарожцы» сусед Плешка, узяўся падвезьці. Выехалі раненька, па халадку, на вуліцах яшчэ было вольна ад аўтамабіляў, Плешкаў «Запарожац» нязвыкла стракатаў рухавіком, здавалася, вось-вось пойдзе ў разнос і разваліцца. Але не разваліўся, порстка каціў па шашы. За гарадской рысай на раздарожжы ўперліся ў шлагбаум ДАІ — праверка дакументаў, усё роўна, як калісьці ў Афгане. Але там ішла вайна, а тут… Пахмурыя з бессані хлопцы ў камуфляжы з аўтаматамі на грудзях прыдзірліва агледзелі Плешкавы правы, зазірнулі ў салон і ў багажнік наперадзе. Плешка нечакана для свайго ўзросту і, пэўна, насуперак характару пачаў лісьліва лепятаць штось, бы падлізвацца, нібы быў вінаваты. Ступак жа адчуваў толькі злосьць, калі гэтыя малакасосы прыдзірліва, з-пад ілба азіралі яго, запасьніка-афганца, узнагароджанага баявым ордэнам. Хто яны такія? Ці стрэльнулі яны хоць раз з тых аўтаматаў па жывым чалавеку, раздражнёна думаў ён.