Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 9

Васіль Быкаў

Натоўп калыхнуўся ў адзін бок, у другі, некоторыя кінуліся назад — пад сьцяну будынку пачтамту, але і там невядома адкуль узяліся амапаўцы — ці не з дзьвярэй пачтамта. Неўзабаве іх стала, здалося, ня меней, чым дэманстрантаў, яны расьсякалі натоўп на часткі і білі, калашмацілі, валілі на асфальт людзей — мужчынаў і жанок, хапалі, камячылі сьцягі і плакаты, якімі некаторыя спрабавалі ад іх бараніцца. Над вуліцай узьвіўся бязладны, зьдзічэлы крык і лямант; жаночы плач перамяшаўся з роспачнай мужчынскай лаянкай, і невядома было, хто лаяўся. Падобна, і тыя, і гэтыя.

Пасьля хвіліны зьбянтэжанасьці Ступак зразумеў, што трэба адсюль «ірваць кіпці». Ды, мабыць, зразумеў тое спазьнела. Першы ўдар гумовай палкай па сьпіне змусіў яго хіснуцца, ён спатыкнуўся аб кагось, хто ужо ляжаў на асфальце, але ўтрымаўся, ня ўпаў і пасьпеў азірнуцца на таго, хто яго выцяў. З-за выгнутага плаксіглазавага казырка ў яго ўтаропіўся счырванелы ад поту твар маладога амапаўца.

У той момант новы ўдар па плячы змусіў яго аж прысесьці ад болю. Ратуючыся, ён галавой наперад кінуўся праз парадзелы натоўп — прэч ад гэтых забойцаў. Але, мусіць, ён прамарудзіў, упусьціў момант, і на яго накінуліся трое ці болей у касках. Каб уратавацца, ён з усяе сілы штурхануў бліжэйшага са шчытом, які з металічным бразгатам паляцеў долу. Ступак што было сілы ірвануў па вуліцы далей — праз паблытаны ў бойцы амапаўскі шэраг на суседнюю вуліцу.

Сьпярша ён бег, чуючы, як там, ззаду, лемантуе, вые і лаецца нядаўна яшчэ такое мілагучнае шэсьце, і недзе за скверам равуць рухавікі міліцэйскіх «Камазаў», што, мабыць, падвозяць падмацаваньне АМАПу. Ці адвозяць схопленых і пабітых. Побач абмінуў яго малады даўгалыгі хлопец у белай скрываўленай кашулі, што, азіраючыся, узрушана прамаўляў: «Шакалы!.. Шакалы!..». «Шакалы!», — сказаў сабе ў думках і Ступак, кіруючы сьледам па тратуары. За імі, аднак, чамусьці ня гналіся, і ён пайшоў цішэй. Поруч беглі і яшчэ людзі, што вырваліся з тае пасткі, хтось з рэдкіх сустрэчных спалохана пытаўся, стоячы пад абдзертай сьцяной: «Што там? Што?». — «Ідзі, паглядзі!», — са злосьцю кінуў Ступак пенсіянеру з радамі каляровых планак на борце пацертага пінжака. Надта балела плячо, ён ледзьве варушыў рукой, думалася, ці не паламалі яны яму косьці? Трохі, аднак, спакайнеючы, завулкамі і пусткамі нарэшце дабрыў да свайго падворку.