Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Пасьля, ужо на дарозе, мабыць разьмякшы на КПП, Плешка пачаў скардзіцца, як цяжка жыць. На сваю працоўную пенсію трэба яшчэ ўтрымліваць і дачку з унукамі, якая два гады нідзе не працуе. На старасьці год замест таго, каб забіваць у даміно ці сядзець з вудай над рэчкай, ён змушаны рамантаваць чужыя машыны, адбіваць пальцы на кузаўным рамоньце. Але ўсё нейкі рубель на прыварак для дачкі і ўнукаў. Зрэшты, у гэтым сэньсе Плешка ня быў выключэньнем, цяпер шмат маладых жыло на жабрацкія пенсіі бацькоў. Ступак, едучы ў вёску, таксама меў спадзеў чым-небудзь пажывіцца ад бацькі. Ён расслаблена сядзеў побач з засяроджаным на дарозе Плешкам і, як той змоўк, пачаўгаварыць сам. Карцела пагаварыць, расказаць пра сваё набалелае. Там ля гаражоў, гэтаму Плешку не было калі слухаць, тут жа нідзе ня дзенецца, будзе слухаць, — думаў Ступак.
— Кажу ім там, у ваенкамаце, што я ня сам туды напрасіўся, мяне паслалі выконваць інтэрнацыянальны доўг, а што мне за гэтае выкананьне?
— Лепш бы ты яго не выконваў, — ня надта ласкава зазначыў Плешка.
— Як гэта — не выконваў?
— А так. Болей карысьці было б.
— Каму карысьці? — чагось ня мог зразумець Ступак. — Каб ня мы, душманы захапілі б Афган.
— А чаго ім захопліваць? Ён і так іх.
— А амерыканцы? Яны б жыва селі на нашыя межы.
— I хай бы сядзелі. Нам што да таго?
— Ну, знаеш! — пачаў гарачыцца Ступак. Яму было не зразумела пярэчаньне суседа, з такім ён яшчэ не спатыкаўся.
— Во цяпер гэта Чачня, — спакойна працягваў Плешка. — У Афгане інтэрнацыяналісты, у Чачні — федэралы. А ўсё нашая моладзь гіне. Навошта яе гробіць? — разважаў Плешка, разьехаўшыся з трактарам, які валок за сабой віхлясты прычэп.
— У Чачню нашых не пасылаюць. А то б я, мусіць, зьехаў,— сказаў Ступак. — Ад жызьні такой.
— Ну і дурань! — проста адгукнуўся Плешка. — У Афгане не навучыўся?
Называецца, пагаварылі, — падумаў Ступак. Гэты пенсіянер Плешка меркаваў дужа па-свойску, маладзейшыя ўсё ж былі інакшай думкі — што значыць розныя пакаленьні. Хаця Плешку што — ён атрымлівае пенсію, а што і дзе атрымае Ступак?
Ён добра выпіў тады ў бацькі, які жыў бабылём у крайняй ад лесу хаціне. Ды і ўсяго ў вёсцы засталіся чатыры хаты, у якіх ліпелі адзінокія старыя. Каровы ў бацькі даўно не было, не было нават курыцы. Ды і навошта? У двары за плотам расло некалькі баразён бульбы, хлеб прывозілі ў суседнюю вёску, давалі па дзьве буханкі на тыдзень, старому хапала. I ён ня скардзіўся. Як прыехаў сын, схадзіў да суседа Петрака, прынёс бутэльку самагонкі, затым прыклыпаў і сам сьсівелы сагнуты Пятрок. Старыя, нямоглыя, аднак, няблага выпілі з маладым, не спыняючы сваёй ня дужа разумнай старэчай балбатні, калі кожны цягнуў сваё, ня слухаючы іншага. Бацька захацеў, мусіць, пахваліцца перад суседам і папытаўся ў сына, за што яму далі ордэн, такі ж самы, які і ён атрымаў у партызанку — «Чырвонай зоркі». Ступак без асаблівага ажыўленьня пачаў распавядаць.