Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1» онлайн - страница 8

Васіль Быкаў

Неяк у нядзелю, дабрыўшы да прасьпекту ў цэнтры гораду, згледзеў там штось незвычайнае, небывалае ў выходны дзень відовішча.

Найперш здалёк яшчэ ўчуліся шум, гамана, рух мноства людзей, што суцэльнай плыньню рушылі кудысь у напрамку да цэнтральнай плошчы, несучы нейкія лозунгі. Вецер угары матляў бел-чырвона-белыя сьцягі — мноства сьцягоў, аж да канца калоны, якая хавалася за перагінам вуліцы. Пачатак гэтага шэсьця ўжо мінуў завулак, дзе паявіўся Ступак, і хто там усіх вёў, не было відаць. Поруч жа шэсьце з абодвух бакоў атачалі міліцыянты. Адны з іх стаялі ў няроўных шэрагах, іншыя (мабыць, начальства) бегалі-мітусіліся ў сваім міліцэйскім клопаце. Ступак сьпярша зьдзіўленапрыпыніўся, уражаны відовішчам, а затым нечаканая хваля ўзрушэньня падхапіла яго з тратуара і вынесла да людзей. Малады міліцыянт на краі тратуару спрабаваў заступіць дарогу, ды Ступак плячом рашуча адпіхнуў яго і выйшаў на асфальт — да ўсіх. Поруч на ўсю шырыню вуліцы ішлі і маладыя, і старыя, і сярэдняга веку мужчыны з жанкамі і дзяўчатамі; твары ва ўсіх былі прыемна-сьвяточныя, бяз звыклай паўсядзённай змрочнасьці ці нават нярэдкай па часе жорсткасьці. Уражвала вялікае мноства нацыянальных сьцягоў, якія над людскімі галовамі паласкаў сьвежаваты ранішні вятрыска. Трохі меней было плакатаў з рознымі надпісамі, зробленымі часам прафесійна, а болей — ня дужа ўмелымі рукамі. Ступак, паазіраўшыся, прачытаў тыя, што былі бліжэй: «Беларусь — у Эўропу!», «Не — бальшавікам!», «Міліцэйскае пудзіла — у Менскае мора!» Якраз над яго галавой хістка калыхаўся лозунг-плакат, што нёс малады хлопец у джынсовай камізэльцы з мноствам кішанькоў: «Мы хочам есьці!» То было якраз пад настрой Ступаку — ён таксама быў галаднаваты зранку, хацеў есьці і ня меў у кішэні ніводнага «зайца». I ён пайшоў разам з усімі,— ня надта борзда ступаючы ў бязладным натоўпе, стараючыся не наткнуцца на каго наперадзе, не ступіць на чыесьці запяткі. Грандыёзная суладнасьць людскога натоўпу надавала адчуваньне ладу і ўпэўненасьці, здавалася, гэткаю сілай яны дамогуцца чаго хочаш. А чаго дамагаліся, відно было з мноства плакатаў над галовамі. Хто мог адмовіць у законнасьці тых патрабаваньняў? Хто мог спыніць гэты шматтысячны паток гараджанаў?

Але неўзабаве паток чамусьці замарудзіў хаду, чым далей, тым болей людзі пачалі спыняцца. Некаторыя наперадзе сыходзіліся шчыльней, рух пачаў заміраць, і было невядома: чаму? Пачуліся выкрыкі нязгоды ці, можа, пратэсту, і тады Ступак здагадаўся ў чым справа. Стараючыся не штурхаць іншых, ён памкнуўся наперад, мінаючы найболей шчыльныя групы. У адным месцы прабег па тратуары пад носам у заклапочаных, спатнелых міліцыянтаў, якія таксама напружана ўзіраліся наперад. I тады яму стала відаць перашкода. Шэсьце ўперлася ў шчыльныя, бы спрасаваныя, тры шэрагі АМАПу, што ад сьцяны да сьцяны будынінаў выцягнуліся ўпоперак прасьпекту.

Ён і яшчэ праціснуўся наперад, каб лепей бачыць, што там робіцца. Аднак бачна было ўсё ж няшмат, чулася гамана, мабыць кіраўнікі гэтага шэсьця спрачаліся з таўстым міліцэйскім палкоўнікам, што незразумела хрыпеў у трубу мегафону. За ім замерла сьцяна амапаўцаў — блішчастыя шчыты ля ног, шлемы-скафандры на галавах, грудзі ва ўсіх расьпіралі бронекамізэлькі, у кожнага чорная палка ў правай руцэ. Але што былі гэтыя шчанюкі перад аб’яднанаю сілай тысячаў, акрыленых адзінаю мэтай свае праўды? Іх можна было сапхнуць за адну хвіліну. Нехта нават і крыкнуў з натоўпу штосьці накшталт «наперад». I тады раптам людзі збоч вуліцы неяк незразумела хіснуліся, воддаль страхавіта закрычала кабета. Ступак азірнуўся — з завулка ад пошты, клінам расьсякаючы натоўп, урэзаўся атрад амапаўцаў у касках і са шчытамі. Гэтыя адразу ўзяліся працаваць даўжэзнымі чорнымі палкамі — малаціць усіх без разбору, хто трапляў ім пад рукі.