Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 285

Васіль Быкаў

Гэта грамілі КПЗБ.

У Астроўшчыне жыў селянін Бобрык, бедны гаротны чалавек з хворай жонкай і трыма малымі хлапчукамі. У той вёсцы ён зьявіўся пасьля рэвалюцыі і вайны. А да таго жыў недзе ў Расеі. Неяк упершыню трапіўшы ў ягоную хату, я быў зьдзіўлены. На яе сьценах віселі некалькі жывапісных (невялічкіх, праўда) карцін, выкананых алейнымі фарбамі, якія бачыў упершыню. Крыху пасьля такія ж карціны (алеем) я ўбачыў у культмагу ў Вушачы, то быў нейкі стэпавы пейзаж і вядомая карціна В. Зайцава «Чапаеў» (копія, вядома). У абедзьвюх карцінах мяне моцна вабіла неба зь белымі аблокамі, я некалькі разоў прыходзіў у той культмаг, каб толькі паглядзець на карціны. Але доўга глядзець было нельга. Сорамна.

А ў Бобрыка быў эцюд з хвояй і хатай, яшчэ, здаецца, з возерам. Яшчэ ў яго былі падшыўкі «Нівы» за некалькі год і «Огонёк», здаецца, за 90-я гады ХІХ ст.

Не адразу я наважыўся папрасіць пачытаць… А як прачытаў, аддаваць ужо не было каму — ворага народу Бобрыка арыштавала НКВД. І я думаў — ці не праз тыя царскія падшыўкі і панскія карціны на сьценах?

Увосень 1939 году, як вядома, Заходняя Беларусь была далучаная да Усходняй. То была радасьць, асабліва для маці, якая з 20-га году нічога ня ведала пра сваіх у Завулку. Але радасьць хутка змарнела, калі даведалася, што старая мяжа засталася, і яе, як і раней, захоўваюць пагранічнікі, нікога ні туды, ні адтуль не пускаюць. Аднак маці чакала. Між тым настала вясна 1940 году. І зь ёй, як заўжды, галадуха, не было хлеба, скончылася бульба. Тады мама наважылася. Неяк уначы бацька павёў яе ў Чырвоны Бор, адкуль яна ўжо адна выправілася парушаць дзяржаўную мяжу. І парушыла, і праз пару дзён вярнулася. Прынесла на плячы ў торбачцы кіляграмаў шэсьць мукі і невялічкі кумпячок, наплакалася, нахвалявалася і, здаецца, пастарэла на дзесяць год. Брат Лявон жыў зь немалой сям’ёй небагата, але такой нэндзы, як у калгасах, ня ведаў і толькі дзівіўся — лаяўся, як мама расказвала пра яе жыцьцё. Мабыць, адчуваў, што гэткае ж неўзабаве чакае і яго.

У дзяцінстве чытаў таксама газэты — сваю раённую, «Віцебскі рабочы», выпісваў (зрэдчас) «Пионерскую правду». Хацелася верыць у праўдзівасьць таго, што пісалі газэты. А ў газэтах тады было скрозь выкрыцьцё ворагаў народу і выкананьне плянаў пяцігодкі. Калі бацька скардзіўся на жыцьцё, спрабаваў суцяшаць: вось скончыцца пяцігодка, будзе лепш. На што бацька злосна адказваў: скончыцца пяцігодка — пачнецца яшчэ якая халера. Тут лепш ня будзе. Я не спрачаўся, але думаў: ну чаго бацька не разумее — вось жа газэты пішуць! Такая наіўнасьць! Аж цяпер сорамна за яе перад бацькам, якога даўно няма.

Пра лён пісаў ужо, як «выбівалі» яго зь сялянаў. Тое ж з хлебам. Сходы, вобыскі, арышты сабатажнікаў. Неяк надумалі пабіць жорны, каб не малолі, здавалі збожжа дзяржаве. Пайшлі па вёсцы і ва ўсіх пабілі верхнія камяні. Пабілі і ў нас, кінулі кавалкі ў крапіву пад плот. Але бацька змайстраваў абручы і ноччу, як пасьне вёска, неяк змацуе тыя кавалкі і паціху зьмеле на хлеб. А ранкам кіне тыя ж кавалкі на ранейшае месца ў крапіву, бо хадзілі, правяралі, ці ляжаць там, куды яны кінулі.