Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 244

Васіль Быкаў

Аднак і другі бок прыняў свае меры і няблага падрыхтаваўся. Каб заняць месцы ў зале і не дапусьціць іншых, за гадзіну да пачатку туды папрыходзіла маса кадэбістаў у штацкім, сакратары гаркаму, прадстаўнікі пракуратуры на чале з намесьнікам генэральнага пракурора Кандрацкім. Самы першы прыйшоў з ЦК інструктар Бузук, які, мяркуючы па ўсім, меў выразнае заданьне сарваць сход.

Я таксама прыйшоў крыху раней і забег у кабінэт дырэктара Дома кіно, якім тады быў Чырвоны касьцёл. Там якраз і стаўся сьведкам таго, як гэты Бузук схапіўся з Пазьняком — наконт маючай адбыцца імпрэзы. Пазьняк даў яму добры адлуп, і я падумаў тады: «Цьвярды характар! Каб такіх болей у Беларусі».

Заля ўжо была поўная, заняў свае месцы прэзыдыюм. Кіраваць усім, здаецца, узяўся Міхал Дубянецкі, які сядзеў поруч са мной. Належала абраць кіраўнічыя органы Мартыралёгу, тут і ўсчаўся вэрхал. Асабліва як настала чарга абраць старшыню. Нахіліўшыся да мяне, Дубянецкі сказаў: зараз пасыпяцца прапановы — Быкава. Ужо таго я дапусьціць ня мог і, устаўшы, запрапанаваў Пазьняка.

У залі настаў шум, гоман і крыкі тых, што прыйшлі сюды з намерам сарваць сход. Нешта супраць Пазьняка даводзіў пракурор Кандрацьеў, істэрычна выкрыквала зь месца сакратарка гаркаму. Дубянецкі з трыбуны аб’явіў галасаваньне, але як дайшло да Пазьняка, да яго падскочыў Бузук, пачаў сьпіхваць з трыбуны. Заля абурана крычэла. Тады я ўстаў з-за стала і прапанаваў прадоўжыць галасаваньне. Хто за, хто супраць, аднагалосна! — аб’явіў я, як гэтаму навучыўся на сэсіях Вярхоўнага Савету. На тым усё скончылася. Старшынёй Мартыралёгу быў абраны Зянон Пазьняк.

I тады хтось (ня памятаю хто) прапанаваў з залі: лічыць абраны камітэт Мартыралёгу — аргкамітэтам Народнага фронту. Заля аглушальна запляскала, тыя аплядысмэнты палічылі за згоду. Апанэнты былі ў ярасьці, сьцяміўшы, што ашукаліся. Але ўжо нічога нельга было перарабіць, пратакол сходу пісаўся бязь іх. Як і гісторыя Беларусі таксама. Прынамсі, мы так меркавалі, віншуючы адзін аднаго зь перамогай.

Але тое, што адбылося ў Чырвоным касьцёле, не было аканчальнай перамогай, не было нават яе паловай. Назаўтра мяне паклікаў старшыня Вярхоўнага Савету Г. Таразевіч. Увогуле зь нейкага часу мы былі ў добрых адносінах. Яшчэ вясной я зьвяртаўся да яго з просьбай аб рэабілітацыі шмат якіх дзеячаў культуры. Перад тым на нарадзе ў ЦК мы зьвярталіся да Я.Сакалова наконт рэабілітацыі А. Гаруна і Ц. Гартнага, але Сакалоў сказаў, што, «на жаль», няма адпаведных дакумэнтаў. Пасьля прыватным чынам я гутарыў наконт таго ж з другім сакратаром Iгруновым, але ўсё бяз вынікаў. Таразевіч сказаў: «Складзіце сьпіс і падайце мне быццам на памілаваньне». Я абзваніў усе творчыя саюзы, тэатры, кансэрваторыю — набраў 55 чалавек, аднёс у Вярхоўны Савет. I празь якія два месяцы выйшаў указ, падпісаны Таразевічам, аб рэабілітацыі ўсіх, апроч Ф.Аляхновіча, крымінальная справа якога знаходзілася ў Літве, дзе ён загінуў.