Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 5

Васіль Быкаў

Школа ў вёсцы арганiзавалася на мяжы 30-х гадоў, сьпярша гэта была пачатковая школка ў сялянскай хаце. Хата тая i дасюль стаiць, пасьля вайны ў ёй жыў мой брат Мiкола. А тады гаспадары проста перасялiлiся ў трысьцен, а большы пакой аддалi пад школу. Там паставiлi два даўгiя сталы i сабралi чалавек пятнаццаць вясковай драбнаты. Настаўнiкам быў Антон Васiльевiч Аўласенка зь вёскi Дарошкавiчы. Дарэчы, ягоная дачка жыве ў Менску, замужам за старэйшым Машэравым. Сталася так, што ўсе мае сябры былi старэйшыя за мяне i пайшлi ў школу раней, амне толькi шэсьць год. Сяджу адзiн дома, а ў школе штось адбываецца цiкавае, i я таксама хачу туды. Тады аднойчы бацька ўзяў мяне за руку i павёў да настаўнiка. Пагаварыў зь iм, i Антон Васiльевiч кажа: хай ходзiць. Даў мне сшытак, пяро, а Валодзя Галавач, зь якiм я хадзiў на возера, павёў на замерзлае балота, акуратна зрэзаў ножыкам чарацiнку, уставiў туды пяро. I пачаў я вучыцца.

Вiдаць, да гэтага часу (а можа, трохi раней) адносiцца маё знаёмства з мастацкай лiтаратурай. Яшчэ чытаць ня ўмеў, i першы мастацкi твор мне прачытаў бацька. Гэта быў знакамiты «Гой» Мiхася Лынькова («I плакала Рыва…»). А ў школе неяк прынёс настаўнiк некалькi дзiцячых кнiжак, пачаў раздаваць для чытаньня — на табе, на табе… Мне дасталася тоненькая кнiжачка, казка «Царэўна-лягушка», а Валодзю — «Канёк-гарбунок». Гэта была мая першая школьная крыўда: не хацеў я чытаць пра «лягушку» — хацеў пра каня-гарбунка. Абдзялiў лёс на першым этапе. У другую клясу пайшоў ужо ў iншую вёску — у Двор-Слабодку. Гэта трошкi далей, але школа там была лепшая, у былой панскай сядзiбе. Пад школу адвялi палову панскага дома з вэрандай, кафлянай грубкай i вялiкiмi вокнамi. Вучыў нас малады настаўнiк Сьцяпан Рыгоравiч Троцкi, а таксама ягоны калега Крацёнак. Першы цяпер на пэнсii, доўга працаваў у Браславе. Тады быў вясёлы, нязлы, мы яго любiлi. Ён вучыў, здаецца, адну зiму. Пасьля прыйшоў iншы — Сяргей Сьцяпанавiч Новiкаў, паходжаньнем з нашае вёскi. Гэты ўжо быў супрацьлегласьць ранейшаму, — даволi строгi чалавек, парцеец, ён арганiзоўваў калгасы ў нашай акрузе i загiнуў у партызанах, у час знакамiтага разгрому, названага пасьля «прарывам». У яго была свая, партыйная сiстэма навучаньня: вельмi ён напiраў не на мову цi арыфмэтыку, а на грамадазнаўства, на гiсторыю таксама. У пакоi, дзе мы вучылiся, было дзьве клясы — два шэрагi партаў. Калi ў адной клясе iшоў вусны ўрок, дык у iншай — пiсьмовы, значыць, самастойны. Ды бывала так, што я свае задачы хуценька парашаю i сяджу, слухаю, пра што iдзе гаворка ў старэйшай клясе. Неяк сталася, што некалькi разоў, калi там нiхто ня мог адказаць на нейкае пытаньне настаўнiка (памятаю, нешта пра Парыжскую камуну), дык я паднiмаю руку, i Сяргей Сьцяпанавiч мяне выклiкае, а пасьля сарамацiць старэйшых за тое, што яны ня ведаюць. Вось так я паактыў нiчаў пару разоў, i настаўнiк кажа: няма чаго табе там сядзець, перабiрайся сюды. Так сярод зiмы ён перавёў мяне ў чацьвертую клясу. Хаця тое мне не пайшло на карысьць. Бо скончыў я чатыры клясы ў дзесяць год, а што далей? Сярэдняя школа ў Кублiчах, за тры кiлямэтры, дык бацька i кажа: «Куды табе, малому, далёка хадзiць? Хадзi зноў у Слабодку». I пайшоў я зноў у чацьвертую клясу, абы вучыцца. Значыць, у трэцюю клясу хадзiў паўгода, а ў чацьвертую — два гады. Пасьля пайшоў у Кублiчы, дзе была сярэдняя школа i куды хадзiлi хлопцы i дзяўчаты з усяе акругi.