Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 3

Васіль Быкаў

Калiсьцi над возерам ля вёскi Белякоўшчына стаяў маёнтак пана Рудамiна (дарэчы, славуты род часоў ВКЛ), у якiм колькi год мясьцiлася школа. Пасьля школу перавялi ў Двор-Слабодку, а Рудамiнаў маёнтак разабралi на бярвеньне i перавезьлi ў Вушачу пад райвыканкам, якi там i быў да самай вайны. Возера без жытла асiрацела, хаця недалёка былi вёскi — Саўчонкi-дольнiя i Саўчонкi-гаране. Цяпер пра iх сьведчаць толькi аброслыя малiньнiкам камянi падмуркаў. Далей па рэчцы была вёска Вiтава з мастом, грэбляй i мураваным млынам. Вiтава i млыну даўно няма, але вёска Чарапоўшчына на гары пакуль што стаiць, прытулiў шыся да зьдзiчэлага саду i дамоўкi пана Малiноўскага. Яшчэ ў 20-я гады то была здатная будынiна з вэрандай, зашклёнай разнаколернымi шкельцамi, а галоўнае — з мэталiчнай вiнтавой лесьвiцай на другi паверх. I тое ды iншае дужа захапляла дзятву, мы бегалi туды паглядзець хоць знадворку. У сярэдзiну не пушчалi, там была важная ўстанова — сельсавет, на ганку якога тупаў мiлiцыянт з наганам на баку.

Пра дзядоў-прадзедаў ведаю няшмат, мабыць, мала захавалася пра iх у нашай сямейнай памяцi. Цi, можа, бацькi ня мелi патрэбы распавядаць пра iх дзецям. Сьпярша тое насамрэч было малым нецiкава, а пасьля не было каму слухаць. Ведаю толькi, што адзiн дзед быў патомны рыбак, усё жыцьцё лавiў рыбу. Тую справу перадаў сыну, брату маёй мацi — Лявону, якi таксама лавiў рыбу. Другі дзед быў селянiн-адыходнiк, сэзонна рабiў на прамысловых прадпрыемствах у Курляндыi, там жа пад канец жыцьця выбiўся ва ўпраўляючыя цагельнага завода. Баба жыла ў вёсцы, але рана памерла, вялiкiх уражаньняў па сабе не пакiнула. Бацька Уладзiмер Хведаравiч у маладосьцi нямала пабадзяўся па сьвеце i толькi на старасьцi жыў у роднай вёсцы. Як цяпер пагляджу, гэта, можа быць, самае нешчасьлiвае пакаленьне, якое за ўсё свае жыцьцё долi ня знала. Адно бязладзьдзе, рэвалюцыi, войны. Ды калектывiзацыя. Ды барацьба з ворагамi народу… Голад, кроў i пакуты.

Зямлi было мала, казалi тады — два надзелы, дык бацька кожнае лета хадзiў у адыходнiкi — на цагельныя заводы ў Латвiю, пасьля служыў чатыры гады ў царскай армii, у Гораднi, дзе, дарэчы, пасьля i мне давялося жыць. Толькi прыйшоў са службы, пачалася Першая сусьветная вайна, быў змабiлiзаваны ў самсонаўскую армiю, недзе ў Аўгустоў скiх лясах трапiў у палон i апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалi, было па-рознаму, як дзе i каму. На заводах i ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў, здаралася, i нiшто. Канешне, трэба было працаваць, але немцы кармiлi, апраналi, неяк клапацiлiся аб працаўнiках, ня тое, што пасьля на радзiме, у калгасах. Бацька часта ўспамiнаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклiкала непаразуменьне i зайздрасьць. Яшчэ бацька быў на грамадзянскай вайне, наступаў на Варшаву. А перад тым палякi наступалi на нас, у ваколiцах вёскi адбыўся бой, было шмат забiтых з абодвух бакоў. Тое месца, дзе ляжалi забiтыя, пасьля доўга называлi Бiтаю пожняй.