Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 6
Васіль Быкаў
Калi замярзала балота, у школу хадзiлi наўпрасткi — па алешнiку, цераз пагорак i далей на балота. Там трэба было абысьцi хамлачок алешнiку з дрыгвянiстай асакой, перабрацца цераз зарослую аерам рачулку i ўскараскацца на крутаваты схiл перад Кублiчамi. Шлях быў цяжкi, але цiкавы: на балоце траплялiся зайцы, можна было спугнуць курапатак у асацэ. Аднойчы ў зiмовых прыцемках мне трапiўся воўк, нейкi час мы зь iм iшлi ў адным накiрунку, я — па сьцежцы, а ён зводдаль па цалiку. Пасьля разышлiся — кожны сваёй дарогай.
На балоце перад школай разьлеглася невялiкае азярко, недаступнае ўлетку, затое дужа цiкавае восеньню, як пакрыецца тонкiм празрыстым лёдам. Там можна было пакоў зацца ўранку, дасьледаваць, што на неглыбокiм тванiстым дне. На дне дзе-нiдзе, ледзьве варушачы плаўнiкамi, драмалi язi ды шчупакi. Варта было прадзяўбсьцi пацiху невялiчкую палонку i скiраваць на рыбiну зробленыя з тоўстага дроту восьцi, як тая рабiлася тваёй хвалюючай здабычай. Тым звычайна займалiся некаторыя старэйшыя хлопцы, малым дазвалялася хiба паназiраць зблiзку.
Прынялi ў пiянэры, выдалi чырвоныя гальштукi з прыгожымi мэталiчнымi зашпiлькамi, якiя нам дужа падабалiся. Болей за гальштукi. Але бабы ў вёсцы сьмяялiся, а некаторыя i лаялiся, казалi: бязбожнiкi. Дык мы да Кублiч гальштукi хавалi ў кiшанях, зашпiльваючы на паваротцы да школы. Пасьля заняткаў там жа зьнiмалi.
У Кублiчах, як у кожным беларускiм мястэчку, тады было шмат яўрэйскiх дзяцей, зь якiмi мы разам i вучылiся, i сябравалi. У нашай клясе палова вучняў былi яўрэйскiя рабяты. Я сябраваў з братамi Сьвярдловымi — Мэерам i Лейбам. Мэер быў старэйшы, iшоў на дзьве клясы наперадзе, а зь Лейбам мы хадзiлi ў адну клясу. Загiнуў мой Лейба-Лёва ў 41-м годзе, расстраляны разам з усiмi кублiцкiмi яўрэямi ў Вушачы, а Мэер жыў у Маскве, працаваў на нейкай паштовай скрынцы. Неяк прыязджаў у Менск, i мы разам езьдзiлi ў мястэчка нашага маленства, дзе не засталося i сьледу ад хаты Сьвярдловых. Ды i наогул мала што засталося ад Кублiчаў — усё пабамбiлi, папалiлi, панiшчылi ў вайну… А колiсь гэта было слаўнае старажытнае мястэчка, пазначанае на картах XVI стагодзьдзя, з праваслаўнай царквой (былой унiяцкай), у якой мяне хрысьцiлi i дзе я пазнаў першае прычасьце. У Кублiчах нарадзiўся Вярыга-Дарэўскi, вядомы лiтаратар, удзельнiк паўстаньня Кастуся Калiноўскага. Была таксама сiнагога, школа i нават пажарня побач з царквой, аптэка, кузьня. Галоўнае месца, аднак, ля кiрмашовай плошчы займаў чырвоны цагляны будынак межавой камендатуры. Сьпярша ён проста прымыкаў да плошчы, затым яго абгарадзiлi высокiм дашчатым плотам з колам на рагу — у выглядзе турэлi, да якой прыладзiлi ручны кулямёт. У 30-я гады пабудавалi новую, неблагую школу, але садралi крыжы з царкоўных купалоў, каб тыя нельга было згледзець з-за мяжы, бо ж — арыенцiры для «мiравой буржуазii», якая толькi i цiкуе, каб разбурыць Кублiчы. Але бурыць iх пачалi самi. Усё царкоўнае майно сканфiскавалi або проста расьцягалi ваяўнiчыя атэiсты, якiмi абавязаны былi быць усе пiянэры, камсамольцы, бальшавiкi, настаўнiкi i актывiсты. I мы пiянэры-актывiсты, цягалi з царквы i дралi старажытныя фалiянты, клеiлi з царкоўных рукапiсных пэргамэнтаў папяровых зьмеяў, якiя запускалi ў ветраныя днi. З царкоўных жа рызаў раённы быткамбiнат пашыў цюбіцейкi, у якiх шмат гадоў хадзiлi ўлетку нашыя хлопцы. У першы год вайны ўсё яўрэйскае насельнiцтва акупанты выгналi ў Вушачу i расстралялi ля могiлак. Перад вызваленьнем Кублiчы былi ўшчэнт разбамбаваны i спалены. Цяпер гэта захудалая вёска зь некалькiмi сiлiкатнымi будынiнамi на пачатку.