Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 4
Васіль Быкаў
Мама распавядала, некаторыя зь сялянаў зьдзiралi зь iх боты, апратку. Тое распавядала з асуджэньнем, амаль спалохам (гэта ж — вялiкi грэх!) i паказвала ў вуглу хаты дзiрку, дзе засела куля, што прыляцела ўсё адтуль, зь Бiтай пожнi. Я таксама не любiў тую пожню, але болей за калючую траву, што расла там i дужа калола босыя ногi.
Бацька ўспамiнаў, як ва Усходняй Прусii (у Аўгустоўскiх лясох) трапiў у палон да немцаў. «А куды ты дзеў вiнтоўку?» — цiкавiўся я. «Павесiў на сук у лесе», — казаў бацька. I я шкадаваў: нашто ў лесе, лепш бы прынёс дамоў, я б зь ёй гуляў. Мне ў той час было гадоў пяць.
Мацi Ганна Рыгораўна паходзiла зь вёскi Завулак, якая апынулася па той бок мяжы, пад Польшчай. За мяжой застаўся i яе брат, той, што лавiў рыбу. Яна ўвесь час па iм гаравала, асаблiва як агiтатары распавядалi, што працоў ныя ў Польшчы гiбеюць без правоў i бяз хлеба. Для нас, дзяцей, гэта таксама была нейкая драма, спасьцiгнутая ў надта раньнiм узросьце. Я быў старэйшы. Праўда, была яшчэ старэйшая за мяне сястра Антунiна, але яна памерла ў пятнаццаць гадоў… Пасьля мяне нарадзiлася сястра Валя, а ў 30-м годзе — брат Мiкола (памёр у 2000-м). Ну, калi яшчэ казаць пра бацькоў… Бацька быў даволi строгi да нас, дзяцей, увогуле мы яго пабойвалiся. Мацi ж, наадварот, — дужа мяккая i жальлiвая, я нiколi ня чуў ад яе гучнага слова — усё з ласкай i добрасьцю. І я лiчу, што гэта кепска. Жыцьцё — усё ж бязьлiтасная рэч, для яго яшчэ ў дзяцiнстве патрэбна загартавацца характарам. Я ж засвоiў ад мацi занадта шмат мяккага, што мне неяк шкодзiла — на вайне i пасьля вайны. Асаблiва ў войску, дзе ў пашане пэўная зьвераватасьць характару. Мабыць, варта яшчэ зазначыць, што вёска наша была ў якiх-небудзь двух кiлямэтрах ад мяжы з Польшчай, i тая акалiчнасьць накладвала свой адбiтак на шмат што — побыт, палiтыку, самаадчуваньне людзей.
Шмат рамантычнага па маладосьцi, а таксама драматычнага зьвязанае ў мяне зь мяжой. У Кублiчах побач са школай была памежная камэндатура, каля школьнага двара — канюшня i цiр цi стрэльбiшча, дзе памежнае начальства страляла з рэвальвераў. Па дарозе ў школу i са школы можна было бачыць памежнiкаў, якiя ўсё кудысь ехалi — конна, групамi, па два, зь вiнтоўкамi i шашкамi, у прыгожых, скрыпучых сёдлах. Камандзiры жылi ў мястэчку, а iх жонкi-настаўнiцы вучылi нас у школе. Памежнiкi часам паказвалi кiно ў вёсках, былi як бы шэфы. На нейкае сьвята на местачковай плошчы наладжвалi джыгiтоўку — на конях, шашкамi «секлi лазу». Усё тое было цiкава. А ўлетку купалi коней на Камароўскiм возеры, мы памагалi. Не абыходзiлася, канешне, i без драматычных падзеяў. Памятаю, неяк узiмку прымчалася начальства, усiх мужыкоў выгналi ў засады — пiльнаваць парушальнiкаў мяжы, i тыя дзень i ноч сядзелi ў кустоўi, каб падаць сiгнал, калi заўважаць каго. У канцы 20-х — пачатку 30-х з Польшчы на гэты бок iшло нямала народу, у асноўным моладзi, пасьля вядомага разгрому кампартыi i камсамолу. Хлопцы iшлi вясёлыя, нават з гармонiкамi, — як жа, вырвалiся з-пад панскага гнёту ў новы сьвет. Мы бачылi, як iх ранкам вялi з заставаў у камэндатуру, i яны пасьмiхалiся. А пасьля, як ужо мы iшлi са школы, iх на аўтамашынах везьлi далей, i рукi iх былi закладзеныя назад цi, можа, зьвязаныя, i яны не пасьмiхалiся. Аднойчы на мяжы нехта забiў пагранiчнiка, i яго хавалi ўсiм раёнам на кiрмашовай плошчы ў Кублiчах. Як цяпер разумею, забiлi таго не абавязкова палякi цi пару шальнiкi, а зусiм магчыма — свае ў мэтах правакацыi, як гэта яны здаўна рабiлi. Усё тое афарбоўвала дзяцiнства ў часам ненатуральныя, звыродлiвыя колеры. Асаблiва калi мець на ўвазе некаторыя наступныя падзеi…