Читать «Доўгая дарога дадому» онлайн - страница 7
Васіль Быкаў
Так, рэлiгiйна-хрысьцiянскiя традыцыi марнелi, цэрквы, касьцёлы зачынялiся, сьвятароў саджалi. Але заставалася прывабнасьць старажытных традыцыяў — Калядаў, Дзядоў, Купальля. Асаблiва Купальля. У ноч на 7 лiпеня вясковая моладзь, якой тады было куды больш, чым цяпер, ладзiла смаляное кола цi якую дзягцярную карчашку i на пагорку за хатай Галавачоў запальвала яе на высока ўзьнятай жардзiне. I тут жа ўсе разьбягалiся, хто куды. Неўзабаве з Кублiч скакаў конны памежны нарад, скiдваў i тушыў тую карчашку. Памежнiкi лаялiся — палiць агонь на Купальле забаранялася. Чаму? Таму! — быў лаканiчны адказ.
За лесам (парасьнiкамi) знаходзiлася яшчэ адно мястэчка — Селiшчы. То ўжо быў каталiцкi цэнтар рэгiёну — зь вялiкiм касьцёлам, кляштарам, крытым блiскучай белаю бляхай, якая была вiдаць аж з нашага поля. Там круглы год зелянелi хвоi на каталiцкiх могiлках з дужа файнымi мармуровымi помнiкамi i надпiсамi лацiнкай. У сярэдзiне могiлак мiж хвояў высiлася белая мармуровая скульптура анёла-дзяўчыны — вядома ж, на магiле памерлай. Мы дужа баялiся таго помнiка, ня ведаю чаму. Цяпер Селiшчы — таксама захудалая вёска з пабураным касьцёлам i бязладнымi могiлкамi.