Читать «Нямко» онлайн - страница 49

Алесь Адамовіч

Вось і мясцовы выпадак, прыклад. Органы, ведучы працу па выяўленьню тых, хто, скарыстаўшы напад ворага, уцёк з турмаў, з-пад аховы, выйшлі на сьлед Кучэры Іосіфа. Вядома, ён прыкрываецца тым, што партызаніў. (Іншыя пабывалі на фронце, а некаторыя і ордэнаў нахапалі.) Але ёсьць рэвалюцыйны правапарадак. Раней атрымай заслужанае, а потым будзем пра новыя посьпехі твае гаварыць. Асабліва калі і посьпехі — з разьлікам прыкрыцца. Вось тут у іх запрацавала сыстэма: «Вась-Вась». Амбіцыі партызанскія. Усе яны былі на акупаванай тэрыторыі, у кантакце з ворагам. Каго пакідалі, а хто і сам застаўся. Яшчэ трэба разабрацца, навошта, зь якой мэтай. 3-за нейкага Кучэры і ўжо, калі ласка, канфлікт, заступаюцца, умешваюцца ў працу органаў. I нават у саміх органах знаходзяцца такія. Туды таксама насовалі сваіх партызанчыкаў.

Чуваць гаворкі, што да самога Сталіна дайшла патрэбная інфармацыя. I нібыта Іосіф Вісарыёнавіч папыхкаў люлькай, пасмактаў і прамовіў такія словы:

— Партызанам і партызанкам слава! Якія аддалі жыцьцё за чэсьць і незалежнасьць савецкай радзімы. Ну а хто прымазаўся, на гэтых у нас ёсьць правераныя бальшавіцкія мэтады.

Маёр Кароткі пакінуты быў у раёне, калі разгортвала сваю сець армейская контрразьведка. Па вось столькі нахлёбаўся гэтых мясцовых амбіцыяў, замаскаванага нацыяналізму. Спыталі б яго тыя, хто вырашае, ён бы растлумачыў, адкуль ногі растуць.

Так што акцыя: арышт скрытага ворага народу — ня проста выняцьце нейкага калгасьніка, а ўдар па парадках, што склаліся. I таму паехаў на заданьне сам маёр Кароткі. А перад гэтым не паленаваўся, схадзіў у ваенкамат на апазнаньне, куды па ўказаньню органаў залучылі гэтага партызана.

Паездка атрымалася, аднак, невясёлая. I не ў самой акцыі справа тут, прычына, а ў бародаўцы. Некалькі дзён назад ён зьвярнуўся да знаёмага лекара, проста на вуліцы сустрэў яго і абыякава спытаў, паказаў: што гэта за храновіна ў мяне там пад каўняром? I адэкаленам, і ёдам прыпальваў — не праходзіць. Той паглядзеў, адцягнуўшы каўнер лётчыцкага мундзіру: не хачу пужаць, але гісталягічны аналіз зрабіць трэба. Адшчыпнём і пашлём у абласную лябараторыю. А прыпальваць ня варта. Сэрца адразу ўпала. Не паленаваўся, у той жа дзень заехаў у больніцу. Ужо пяць прайшло дзён — а трэба дзесяць, каб быў вынік. Не хацелася нічога рабіць, так бы і ляжаў дома, чакаючы вестак, добрых ці злых. Але гэта ня выхад. 3 шарыкаў скоцісься. Вырашыў паскорыць апэрацыю з Кучэрам, каб пазбыцца цяжкіх думак. У машыне ўвесь час яму не хапала люстэрка, апошяія дні заняты быў тым, што станавіўся перад трумо, ручное люстэрка заносіў за голаў і ўглядаўся ў злавесную расколатую бародаўку. Чорная, як п’яўка, гадзіна! Перад дарогай заляпілі плястырам, каб ня так шчымела, каб ня муляць яе, паню. Ты яе не непакоіш, дык яна цябе. Пра якія гэта «прадаўгаватыя клеткі» гаварылі, шапталіся гэтыя мярзотнікі-лекары ў яго за сьпінай?