Читать «Нямко» онлайн - страница 48

Алесь Адамовіч

— Каб нашым дзецям таго ня ведаць, што нам давялося.

Мужчыны міжволі паглядзелі на Паўліка, што самавіта сядзеў за сталом, і на яе ўжо такі прыкметны, «новы жывот». Ловячы ўсьмешку Паліны, Франц раптам скеміў: гэта ж Моны Лізы ўсьмешка, павернутая, зьвернутая ў сябе! Ды ніякай іншай «загадкі» Моны Лізы не існуе — акрамя таямніцы яе цяжарнасьці. У гэтым разгадка Джаконды: маці, што ўсьмешкай гамоніць зь дзіцём, якое ў ёй. (Вось што ён скажа бацьку, калі зноў яго пабачыць. I ня ў Луўры, а ў Петухах прыйшло да яго гэтае разуменьне.)

Як бы злавіўшы нешта ў яго думках, стары Кучэра ўзьняў шклянку:

— За тваіх, Франц, бацькоў. Каб сустрэліся вы. Франц устаў, пастаяў. I сеў.

— Ну і правільна, — згадзіўся Кучэра, — вып’ем моўчкі.

— Не, паспрабую, — зноў прыўстаў Франц. Пастаяў, падумаў. — Я забіў чалавека. Каб жыў у Германіі, лічылася б: забіў немца. Тут: забіў нацыста. Але і так і так: чалавека. Калі па Эвангельлі. Я толькі ня ведаю, на кім той габрэй.

— Не на табе, Франц, не на табе! — звыкла засьпяшалася на дапамогу Паліна. Франц нявесела ўсьміхнуўся:

— Хіба што групавое. Але такое злачынства ацэньваецца нават зямным судом стражэй. Толькі б на іх ня ўпала.

I зноў паглядзеў на Паўліка і на жывот Моны Лізы.

17

I трэба ж каб яны сваю дзяржаўную справу прымеркавалі да таго часу, калі Паліне прысьпела раджаць.

Кучэра і Франц, абодва аднолькава разгубленыя, грэлі ў чыгунках ваду, а Паліна, лежачы ў пасьцелі, саромеючыся сябе, саромеючыся бацькі, распараджалася, што трэба падрыхтаваць, з чым быць напагатове, калі гэта і сапраўды роды. Зьбіраліся праз тыдзень запрасіць вопытную бабку з суседняй вёскі, каб пажыла ў доме, чакаючы тэрміну. А тут, на табе, пачалося! Цяпер разьлічваць даводзіцца толькі на сябе — ёсьць з чаго разгубіцца. На вуліцы забрахаў Воўк, па вокнах паласнула сьвятло ад машыны, што пад’яжджала. Хутка ў тайнік — гэта яны! Ня крыкнуў, а паказаў Францу рукой, зьбялелым тварам Кучэра. I дачцэ:

— Нічога, нічога. Ты толькі не палохайся. Гэта ў іх да мяне гаворка. Па старых справах. А са мной нічога ня зробяць.

I тут пад вакном ударыла аўтаматная чарга.

У свой час Іосіфа Кучэру арыштавала ОГПУ, затым НКВД. Цяпер да хаты пад’ехала МГБ — у асобе маёра Кароткага і двух яго малодшых супрацоўнікаў. Тым самым Кучэру аказвалася некаторая павага. Усё-ткі партызан, у яго магла захавацца зброя. Можна было б выклікаць пад нейкай зачэпкай у раён і там арыштаваць. Але раптам западозрыць нядобрае і зьнікне — лес жа побач, для партызана звыклы. Але нават ня гэта галоўнае. Нехта не паверыў бы, але маёр Кароткі ведаў: тут не шараговы выпадак, тут высокая палітыка дыктуе правілы, паводзіны. У кіраўнікоў МГБ на самым версе (а з гэтымі не да жартаў!) умацавалася перакананьне (падмацаванае сустрэчнай інфармацыяй зь месцаў), што быў дапушчаны пралік, калі не палітычная памылка, раз у вызваленай ад акупантаў рэспубліцы, у сталіцы і на месцах, многія партыйныя і савецкія пасады аддадзеныя былі партызанскім камандзірам і наогул усёй гэтай нартызанскай піз…браціі. Лічылася: яны лепш ведаюць абстаноўку і людзей, былі тут у вайну, добра арыентуюцца. Так яно ўсё, ды толькі Лаўрэнці Паўлавіч ужо ў час вайны ня дужа ім усім давяраў. Таму і засылаў свае спэцатрады з добра правераных людзей. Але за ўсімі ўсачыць было немагчыма. У іх, у мясцовых, склалася і наладзілася свая сыстэма сувязяў і кадравых ацэнак людзей. Якая падмяняе ідучую з Цэнтру, часам нават з нахабнымі спробамі самастойнага выхаду на Сталіна. Колькі гадоў спатрэбілася Іосіфу Вісарыенавічу, колькі намаганьняў каштавала тым жа органам, каб раскалоць глыбы сувязяў часоў грамадзянскай вайны, дамагчыся, каб ніці, цягі ад улады ішлі выключна зьверху ўніз, а ніяк не па гарызанталі. Калі замест строга кантраляваных узаемаадносін на ўсіх узроўнях пачынае панаваць Сыстэма: «Вась-Вась». Я яго ведаю, я яму веру! Як быццам гэта не кампэтэнцыя выключна органаў: ведаць, каму верыць, а каму не. Там былі сувязі непатапляльных і тых, якія палічылі, што яны непатапляльныя, Чапаевых. I калі з тымі саўладалі, дык ужо з гэтымі, ды пры накопленым вопыце!.. Яны, дурні, разьлічваюць, што Сталін іх падтрымлівае. Гэта каго ж — закаранелых тэрарыстаў? Гэтых якраз Іосіф Вісарыёнавіч больш за ўсё і любіць.