Читать «Нямко» онлайн - страница 50

Алесь Адамовіч

Да патрэбнае хаты, да гэтых Петухоў, дабіраліся лесам, магутны амэрыканскі «додж» выхопліваў сьвятлом крутыя павароты. У такіх паездках маёр Кароткі звычайна адчуваў сябе цудоўна, ведаў, што выконвае працу зь немалой рызыкай: колькі поўзае яшчэ пасьледкаў, недабіткаў, пакінутых тут акупацыяй. Гэта жывіла, павышала пачуцьцё самапавагі. Ніколі б не паверыў, што нейкая бародаўка здасца страшнейшай за бандыта з-за куста. I вось, калі ласка, не глядзіць на дарогу, а ўсё прыслухоўваецца: як там, пад каўняром? Шчыміць яшчэ болын. Ад штуршкоў, торганьня плястыр адклеіўся — лекары, такую вашу!

Таму, калі насустрач машыне кінуўся вялізны сабака, маёр, не раздумваючы, загадаў:

— Страляй! Проста з кабіны сабаку расстралялі аўтаматнай чаргой.

Дзьверы былі не зачыненыя, што маёру не спадабалася. Быў у гэтым нейкі выклік, самаўпэўненасьць гаспадара.

— Сьмела жывём! — замест «добры дзень!»

— Немцаў прагналі, у сябе дома каго нам баяцца? — адказаў невысокі, маёру ўжо знаёмы, стары. Сівая галава, а вусы, бародка цёмныя, быццам падфарбаваныя. Інтэлігента зь сябе строіць.

— Сабака не прывязаны. Давялося прывязаць нам.

— Значыць, маеце права, калі страляеце.

— А гэта хто ў вас?

— Дачка. Выбачайце, раджаць надумалася.

Бач, усё з падкавыркай, са зьдзекам. Паглядзім, паглядзім, як засьпяваеш.

— Ёсьць яшчэ хто-небудзь?

— Сынок на печцы. Мой унучак.

— А муж?

— Мужы цяпер, самі ведаеце…

Маёр ня стаў дамагацца ўдакладненьня. Чорт, загваздка! Як яе тут адну кінеш, парадзіху? Добра, што зь сельсавету прыхапілі з сабой панятога, яму і даручыць, каб прывёз акушэрку.

Толькі цень маёра — лямпа зьвісае са столі, — запаўняючы прасторны пакой, перамяшчаецца па сьценах зь бярвеньняў, па дашчатай столі. Усе астатнія чакаюць яго распараджэньняў: паняты, трымаючы картуз ля каленяў, аціх ля парога, малодшыя афіцэры дзяжураць ля вакон, стары каля ложка з парадзіхай.